Спаржа, Bag in box і іншыя абнаўленні. Гэтымі днямі на Ляхавіцкім кансервавым заводзе гучала замежная, дакладней, кітайская мова

Гэтымі днямі на Ляхавіцкім кансервавым заводзе гучала замежная, дакладней, кітайская мова. На прадпрыемстве працаваў прадстаўнік завода-вытворцы абсталявання для выпуску прадукцыі ў сучаснай упакоўцы Bag in box («Бэг-ін-бокс») з Кітая.

– Bag in box перакладаецца як «мяшок у скрыні». Гэта адзін з новых відаў сучаснай упакоўкі, што выдатна падыходзіць, у тым ліку, для плодаагародніннай кансерваванай прадукцыі – сокаў, соусаў, таматнай пасты, канцэнтратаў сокаў, агарод-нінных і фруктовых пюрэ. Працяглы тэрмін захоўвання прадуктаў, іх стэрыльнасць, абарона ад пранікнення бактэрый, пахаў, святла, эканомія месца пры захоўванні і транс-парціроўцы, трываласць, магчымасць вытрымліваць высокі ціск, больш нізкія расходы пры перавозцы ў параўнанні са шклатарай ці бляшаначнай тарай – асноўныя перавагі Bag in box. Зразумела, што выпуск прадукцыі ў такой упакоўцы непасрэдна на заводзе дасць істотныя перавагі, станоўча паўплывае на эканамічны складнік, – расказвае дырэктар ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» Аляксандр Вашчук.
Навінку ў абсталяванні завод набыў за ўласныя сродкі. Наладкай і першымі пробнымі запускамі займаецца прадстаўнік прадпрыемства з Кітая. Пасля таго, як працэс адрэгулюецца, працаваць на абсталяванні будуць завадчане.


Абноўкі не толькі ў абсталяванні. Не бывае такога года, каб прадпрыемства не радавала новымі відамі прадукцыі. Сёлета не выключэнне. Знаёмцеся: спаржа кансерваваная. Першыя партыі зялёнай і белай агародніны для выпуску пробнай партыі кансерваў закуплены ў айчыннай фермерскай гаспадарцы. Калі прадукт будзе запатрабаваным, разглядаюцца варыянты вырошчвання гэтай культуры на палетках падсобнай гаспадаркі кансервавага завода. Выглядае спаржа апетытна, варта пакаштаваць. Набыць навінку хутка можна ў гандлёвых кропках, у тым ліку ў фірменным магазіне «Заводскі».


За навінкамі завадчане не забываюць пра свае традыцыйныя віды прадукцыі. Адным з першых на перапрацоўку паступае шчаўе. Напрыканцы мая – пачатку чэрвеня правялі першую зрэзку зяленіва (усяго сезон прадугледжвае 3-4 зрэзкі). Атрымалася больш за 70 тон. Як адзначыў Аляксандр Вашчук, сёлетняе непрадказальнае надвор’е не лепшым чынам паўплывала на ўраджайнасць шчаўя. Таму даволі ашчадна праводзілі зрэзку, каб наступны «ўкос» стаў больш ураджайным. Уся сыравіна перапрацавана, большасць гатовай кансерваванай прадукцыі адправілася да спажыўца. Прычым 20 пра-цэнтаў – на экспарт у Расію.
За 2023 год завод плануе выпусціць прыкладна 27 новых відаў сваёй прадукцыі. Акрамя таго, чакаецца абнаўленне абсталявання – прэс для сокаў прамога адціскання, а яшчэ з’явяцца бутэлькі з шырокім горлам. Усё гэта дзеля пакупнікоў, пашырэння рынкаў збыту і паляпшэння якасці выпускаемай прадукцыі.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.