Зімовае надвор’е не стала надзвычайным для экстраных і камунальных службаў Ляхавіччыны /фота/

«Мароз- індыкатар».

Чакалі, чакалі і дачакаліся. Нарэшце ў сярэдзіне студзеня наступіла сапраўдная зіма – са снегам, маразамі, ледзяным ветрам.

— Пры такім тэмпературным раскладзе дарожнікі працуюць у кругласутачным рэжыме. І пакуль аўралу не назіраецца. Праўда, узнікалі цяжкасці з расчысткай дарог да вёсак Лабузы, Дрэкі, Навасёлкі і ў гэтых населеных пунктах: вецер хутка перамятаў дарогі, – гаворыць начальнік ДРБУ-200 Канстанцін Філіпчык.

Па словах кіраўніка дарожнай службы, на снежны перыяд зроблены неабходны запас паліва для тэхнікі, нарыхтавана пясчана-солевая сумесь для падсыпкі праезнай часткі. Істотную дапамогу дарожнікам аказваюць СВК “Шлях новы” і “Жарабковічы”, у многім узяўшы на сябе функцыі па расчыстцы дарог у населеных пунктах на тэрыторыі сваіх гаспадарак.

Такое зімовае надвор’е не стала нечым надзвычайным і для работнікаў КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” – яны працуюць у штатным рэжыме. З 5 гадзін раніцы на сваім працоўным пасту рабочыя ўчасткаў добраўпарадкавання і комплекснай уборкі тэрыторыі, расчышчаюць ад снегу і лёду пешаходныя пераходы, дарожкі, прыпынкі грамадскага транспарту. Гэтымі днямі ў горадзе задзейнічана 7 адзінак камунальнай тэхнікі. Дырэктар прадпрыемства Аляксандр Мядзвецкі расказаў пра своеасаблівы індыкатар якасці і аператыўнасці работ па расчыстцы дарог: машына для збору смецця ў мінулую суботу без праблем даехала да ўсіх карыстальнікаў гэтай паслугі. Як адзначыў дырэктар камунгаса, пакуль у аварыйна-дыспетчарскую службу ЖКГ не паступала скаргаў на якасць і хуткасць расчысткі ад снегу.

Што датычыцца цяпла ў дамах і кватэрах, то маразы не выклікалі ў камунальнікаў вялікіх клопатаў. Былі зарэгістраваны невялікія парывы на старых участках цепласетак, аднак, іх хутка ліквідавалі.

— Разам з тым, прашу прабачэння ў жыхароў аграгарадка Жарабковічы, для якіх маразы сталі чарговым напамінам пра непаладкі ў ацяпляльнай сістэме. Гэта звязана, у першую чаргу, з тым, што абсталяванне ў кацельні Жарабковічаў не адпавядае заяўленым у пашпарце аб’екта даным, таму не могуць быць забяспечаны ўсе патрэбнасці спажыўцоў цеплавой энергіі. Дакументы на новае абсталяванне праходзяць экспертызу, сёлета яно будзе ўстаноўлена ў кацельні і ўведзена ў эксплуатацыю, – каментуе сітуацыю дырэктар камунгаса.

Некаторыя грамадзяне абураюцца наконт таго, што дарожкі не пасыпаюцца пяском ці іншай супрацьгалалёднай сумессю. Як патлумачылі ў камунгасе, рабіць гэта пры тэмпературы ніжэй за 5 градусаў марозу безвынікова.

Даволі небяспечнае месца гэтымі днямі – прыступкі многіх магазінаў, устаноў. Настолькі слізка, што ўтрымацца на нагах вельмі цяжка і малому, і старому. Пра бяспеку ў такім выпадку павінны клапаціцца кіраўнікі і адказныя асобы арганізацый, на балансе ці ў арэндзе якіх знаходзяцца памяшканні. Для прыкладу: заўсёды даволі слізкая плітка на ўваходзе ва ўстановы Беларусбанка і Белаграпрамбанка, што гаварыць, калі прымарозіла. Літаральна праз некалькі соцень метраў магазіны “Дабраном” і “Лічба” – карціна аналагічная. Для параўнання: частку прыступак да гасцініцы “убралі” рашоткай, якая абараняе ад слізгання. Дарэчы, прыкладаў і першага, і другога кшталту нямала.

Дарэчы, пра здароўе. Мясцовым медыкам зіма асаблівых клопатаў пакуль не дадала. Абмаражэнні не рэгіструюцца, пераломы, траўмы – у колькасці, звычайнай для гэтага часу. Як расказаў галоўны ўрач УАЗ “Ляхавіцкая ЦРБ” Уладзімір Усцюшкоў, днямі за медыцынскай дапамогай у райбальніцу звярнуўся рыбак, які па неасцярожнасці ўпаў у палонку. У яго дыягнаставалі пераахаладжэнне, пасля абследавання выпісалі дамоў. Галоўны ўрач нагадаў землякам быць больш уважлівымі да свайго здароўя: насіць адзенне па надвор’і, не злоўжываць алкаголем (ад марозу ён не засцеражэ, а арганізму нашкодзіць).

Хапае клопатаў у выратавальнікаў. Агонь, на шчасце, не сваволіць. А вось ратаваць тэхніку з палону снежнай непагадзі даводзілася. 15 студзеня на вуліцы Кастрычніцкай у райцэнтры вызвалялі машыну хуткай дапамогі, а 20 студзеня – рэйсавы аўтобус “Баранавічы-Вялікія Лукі” з 13 пасажырамі каля вёскі Гасцілавічы.

Нумар экстранай службы “104” апошнімі днямі прымае больш званкоў, чым звычайна. Як патлумачыў намеснік начальніка Ляхавіцкага цэха газазабеспячэння МВУ “Баранавічыміжрайгаз” Мікалай Дыдышка, маразы выклікаюць збоі ў рабоце аўтаматычных ацяпляльных газавых катлоў, таму карыстальнікі прыроднага газу пры наяўнасці непаладак сігналізуюць аб дапамозе.

– Своечасова выкананыя рамонтныя работы на паветраных лініях электраперадач, як гаворыцца, дабром адгукнуліся цяпер. Масавых абрываў не назіраецца. Былі невялікія ў вёсках Ганцавічы і Вялікая Лотва, аднак яны хутка ліквідаваны, – гаворыць начальнік раёна электрасетак Віктар Станкевіч.

Не засталіся ў баку ад агульных клопатаў і валанцёры. У сувязі з тым, што слупок тэрмометра паўзе ўніз, раённая арганізацыя таварыства Чырвонага Крыжа аказвае дапамогу грамадзянам, якія пацярпелі ад марозу ці трапілі ў цяжкія кліматычныя ўмовы. Падрыхтаваны харчовыя наборы, адзенне, коўдры і іншае. У прыёмным аддзяленні райбальніцы (кругаласутачна) і аддзяленні для дзённага знаходжання інвалідаў працуюць пункты абагрэву.

І ўсё ж, у першую чаргу, паклапаціцца пра сваю бяспеку павінны самі грамадзяне – пешаходы і аўтамабілісты. Па магчымасці варта адмовіцца ад паездак на асабістым транспарце.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *