У школу з дапамогай. Як мнагадзетным сем’ям атрымаць дапамогу да новага навучальнага года

У жніўні бацькоў дзяцей-школьнікаў аб’ядноўваюць агульныя клопаты па падрыхтоўцы да новага навучальнага года. А калі ў сям’і не адзін навучэнец, то патрэбы павялічаны ў некалькі разоў.

З мэтай выплаты мнагадзетным сем’ям матэрыяльнай дапамогі ў рамках пункта 11 падпраграмы «Сям’я і дзяцінства» Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяс-
пека» на 2021–2025 гады Ляхавіцкі раённы Савет дэпутатаў прыняў рашэнне «Аб сацыяльнай падтрымцы сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей». Згодна з дакументам вызначана мера сацыяльнай падтрымкі са сродкаў раённага бюджэту для асоб, зарэгістраваных па месцы жыхарства ў Ляхавіцкім раёне, у выглядзе аднаразовай матэрыяльнай падтрымкі да 2023/2024 навучальнага года.
Яе атрымаюць сем’і, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей і маюць статус мнагадзетных па стане на 31 жніўня. Выплата прадугледжана на кожнае дзіця, якое навучаецца ва ўстановах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі (на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі) у памеры 30 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму, які дзейнічае
па стане на 1 жніўня. Адпаведна дапамога на кожнага навучэнца складзе 109 рублёў 32 капейкі.
Прычым выплата прадастаўляецца незалежна ад даходу сям’і. На Ляхавіччыне такі від дзяржаўнай падтрымкі атрымаюць каля 800 дзяцей з больш як 350 мнагадзетных сем’яў.
Важна ведаць, што калі маці прапісана ў Ляхавіцкім раёне і дзіця навучаецца ў мясцовай установе адукацыі, то выплата ажыццяўляецца згодна са спісам, прадстаўленым ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама непасрэдна ўстановай адукацыі. Гэта азначае, што бацькам не трэба
звяртацца з заявай і дакументамі ва ўпраўленне (патрабуецца толькі копія дагавора банкаўскага ўкладу ці выпіска з банка па рахунку, адкрытым у «Беларусбанку» ці «Белаграпрамбанку» на імя маці ў поўнай сям’і (бацькі ў няпоўнай).
Калі ж жанчына прапісана ў Ляхавіцкім раёне, а дзіця навучаецца ў школе іншага раёна, то маці трэба самой звяртацца з заявай ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ляхавіцкага райвыканкама. Да заявы прыкладаюцца пашпарт або іншы дакумент, які сведчыць асобу заяўніка; арыгінал і копія пасведчання мнагадзетнай сям’і; даведка аб месцы жыхарства і складзе сям’і.
У пакет дакументаў патрэбны таксама даведка з установы агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі аб тым, што дзіця з’яўляецца навучэнцам (на кожнага школьніка) і копія дагавора банкаўскага ўкладу або выпіска з банка па рахунку, адкрытым у «Беларусбанку» ці «Белаграпрамбанку» на імя маці ў поўнай сям’і (бацькі ў няпоўнай). 

Прыём дакументаў ажыццяўляецца ў працоўныя дні па 31 жніўня з 8 да 13 гадзін і з 14 да 16 гадзін у кабінетах 115 ці 104 Ляхавіцкага райвыканкама. Пракансультавацца па тэме можна па нумары 6-06-21 або 6-36-36.

Ірына ГАТОЎЧЫЦ,
намеснік начальніка аддзела ўпраўлення па працы, занятасці
і сацыяльнай абароне райвыканкама.