Участак скрыжавання хлебных шляхоў. У хлебанарыхтоўшчыкаў свая гарачая пара – сезон прыёмкі збожжа новага ўраджаю

І ў хлебанарыхтоўшчыкаў свая гарачая пара – сезон прыёмкі збожжа новага ўраджаю. У адрозненне ад жніва, якое ў Ляхавіцкім раёне можна лічыць завершаным, ён актыўна працягваецца.

Рэйтанаўскі вытворчы ўчастак ААТ «Баранавічхлебапрадукт» можна параўнаць са зернятокам у сельскагаспадарчай арганізацыі. Адметнасць гэтага зернятока ў яго маштабнасці, памножанай на даволі сур’ёзную ступень механізаванасці асноўных вытворчых аперацый.
Перш чым чарговая адзінка транспарту атрым-лівае «зялёнае святло» на заезд і выгрузку на тэрыторыі Рэйтанаўскага ўчастка, хлебны груз
праходзіць папярэдні кантроль па некалькіх паказчыках. Як мінімум, на ступень засмечанасці збожжа расліннымі ўключэннямі, адносную вільготнасць, вызначаецца яго агульная дакладная маса – колькасць дастаўленых новых тон. Дарэчы, тэндэнцыяй становіцца ўсё больш частае выкарыстанне ў якасці зернявозаў аўтамабіляў-даўгамераў, здольных за адзін рэйс даставіць па назначэнні 30 і больш тон збожжа. На гэту акалічнасць, у тым ліку, звярнуў увагу начальнік участка Вадзім Козел.
Вытворчы цыкл участка «задаюць» пробаадборшчыкі, задачай якіх з’яўляецца «здабыць» з глыбіні шматкубовага паўпрычэпа невялікую колькасць зярнят для лабараторнага даследавання. У выпадку, калі працэнт вільготнасці не перавышае 14 пунктаў, дасушка грузу не патрабуецца.
– У гэтым годзе прыкладна ў 80 працэнтах выпадкаў збожжа і насенне рапсу паступаюць да нас з павышаным паказчыкам вільготнасці. Адметнасць сезона, якая толькі з усталяваннем гарачыні пачала мяняцца ў лепшы бок. Але ачышчальны зернесушыльны комплекс прадпрыемства ўсё яшчэ працягвае кругласутачную вахту. Прыпыняем ЗСК-30 толькі для правядзення планавых работ раз на дзень і на непрацяглы час, – тлумачыць спецыфіку работы прадпрыемства яго начальнік.
Пасада пробаадборшчыка «закрываецца» толькі на перыяд сезона нарыхтовак. Як, дарэчы, і шэраг іншых на прадпрыемстве.
– У бягучым годзе дадаткова прынялі на работу сем чалавек: акрамя двух пробаадборшчыкаў, у нас зараз сезонна працаўладкаваны некалькі грузчыкаў, вагаўшчык, тэхнік-лабарант. З іх большасць – студэнты на канікулах, у асноўным – з ліку мясцовых. Асобныя з часовых работнікаў падпрацоўваюць у нас не ўпершыню, – адзначае Вадзім Козел.
За першыя тыдні актыўнага сезона Рэйтанаўскі вытворчы ўчастак ААТ «Баранавічхлебапрадукт» свае вытворчыя засекі папоўніў прыкладна 10 тысячамі тон новага ўраджаю. Прымалі і ў абсалютнай большасці выпадкаў даводзілі да патрэбных кандыцый па паказчыку вільготнасці і засмечанасці насенне азімага рапсу, жыта харчовае ў залік дзяржаўнага заказу і фактычна ўсю групу фуражных збожжавых сельгаскультур: ячмень яравы, яравую і азімую пшаніцу, азімае трыцікале.
Нарыхтаваныя 10 тысяч тон – гэта ўсяго прык-ладна чацвёртая частка складскіх магутнасцяў Рэйтанаўскага хлебапрыёмнага ўчастка. Але ж і да закрыцця сезона нарыхтовак яшчэ далёка.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.