«Новае харчаванне» ў абноўленым харчаблоку. Дырэктар СШ № 1 г.Ляхавічы: «1 верасня пачнём з новым харчаблокам. Абноўка вельмі дарэчы, бо наша ўстанова адукацыі сёлета далучаецца да праекта «Новае харчаванне»

Нарада, якую сабраў Прэзідэнт па пытаннях гатоўнасці сістэмы адукацыі да новага навучальнага года, узняла тэмы, актуальныя для кожнай установы адукацыі.
2023/2024 навучальны год СШ № 1 сустракае з доўгачаканай абноўкай. Сёлета 1 чэрвеня пачаўся капітальны рамонт харчаблока, які доўжыўся амаль тры месяцы. Сярод абновак – абліцаваныя пліткай падлога і сцены, падвясная столь. Пліты для прыгатавання ежы, кухонныя камбайны, машына для мыцця посуду, халадзільнае абсталяванне – далёка не поўны пералік усяго, што ўстаноўлена ў харчаблоку. На рамонт і абсталяванне з раённага бюджэту было выдаткавана каля 630 тысяч рублёў. Поўнасцю ўкамплектаваны харчаблок работнікамі. Такім чынам, 1 верасня пачнём з новым харчаблокам. Абноўка вельмі дарэчы, бо наша ўстанова адукацыі сёлета далучаецца да праекта «Новае харчаванне».
Сур’ёзная размова на нарадзе ішла пра бяспеку ва ўстановах адукацыі. У СШ № 1 усталявана восем відэакамер, плануем яшчэ тры. Устаноўлена сістэма аўтаномнай пажарнай сігналізацыі «Маланка».
Прагучалі і вострыя заўвагі пра арганізацыю падвозу навучэнцаў. Калі ў разрэзе нашай школы, то маем у наяўнасці тры аўтобусы для перавозкі дзяцей. Адзін з іх – новы, разлічаны на 33 пасадачныя месцы. Падвоз у школу ажыццяўляецца з 14 населеных пунктаў прык-
ладна для 200 навучэнцаў – гэта трэцяя частка ад агульнай колькасці нашых вучняў. Пашпарты падвозу дзяцей да новага навучальнага года падпісаны.
У краіне зроблены істотны крок для паляпшэння адукацыйнага працэсу. Маю на ўвазе праведзеную рэвізію усіх падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў.
Некаторыя з іх перавыдадзены. Значна паглыбяць працэс выкладання гісторыі звесткі пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Лічу адназначна правільным, што падыходы да арганізацыі шостага школьнага дня не зменяцца. Такім чынам, урокі ў суботу не праводзяцца, але школа працуе – арганізуюцца разнастайныя выхаваўчыя мерапрыемствы, спартыўныя спаборніцтвы, працоўныя дэсанты і эстафеты добрых спраў, для старшакласнікаў –
факультатывы, для адораных і таленавітых рабят – стымулюючыя заняткі. Дарэчы, парадавалі выпускнікі-2023: большасць сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў, дзевяць юнакоў і дзяўчат будуць праходзіць навучанне ў сельскагаспадарчых вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, столькі ж – у педагагічных ССНУ і ВНУ. Гэта добры вынік.

Наталля КУЛАК, дырэктар СШ № 1.