Добра таму, хто з газам у доме. Сёння свой дзень адзначаюць работнікі нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці.

Ёсць упэўненасць, што пра значнасць для Ляхавіччыны даты 26 лютага 1986 года ведае далёка не кожны яе жыхар. А дарэмна: менавіта гэты дзень стаў для раёна першым у яго новай цеплаэнергетычнай гісторыі. На самым зыходзе зімы больш за 37 гадоў назад у нашу мясцовасць упершыню прыйшоў прыродны газ. Аб той падзеі сёння, у тым ліку, нагадвае і ўсталяваная на ўваходзе ў офіс ляхавіцкіх утрымальнікаў трубы з блакітным палівам тэматычна-архітэктурная інсталяцыя з красамоўна зафіксаванай датай.

На гарадскі адрас вуліца Арлоўскага, 8, па якім размяшчаюцца адміністрацыя і частка вытворчых аб’ектаў Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння ВУ «Баранавічыгаз», карэспандэнты раёнкі прыйшлі з віншаваннямі з нагоды прафесійнага свята. Сёння свой дзень адзначаюць работнікі нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці.
Кожны з нас удзячны ім за цяпло і святло, утульнасць дамоў, на чым, у пэўнай ступені, фарміруюцца лад і дабрабыт. Гэта галоўнае,
аднак не адзінае. Работа газаўшчыкоў звышадказная, не даруе хібаў,
патрабуе дасканалай падрыхтоўкі і пастаяннага імкнення да ўдасканалення ў прафесіі. А што ў зоне адказнасці, як праходзяць працоўныя будні, на чым і, галоўнае, на кім трымаецца служба?
Сярод вытворчых структур раёна газазабеспячэння значыцца і аварыйна-дыспетчарскі ўчастак, спецыялісты якога
ў складзе брыгад нясуць дзяжурства ў рэжыме 24/7.
Без выхадных і святочных, у непагадзь і гарачыню, днём ці глыбокай ноччу – у любой пазаштатнай звязанай з газам сітуацыі мы можам разлічваць на іх дапамогу. Гарантаваную, своечасова-хуткую, адказна-прафесійную.
– Не лічу карэктным вылучаць дадаткова нейкую з нашых
службаў ці асобных з 56 работнікаў падраздзялення. Кожная і кожны на сваім месцы працуюць на агульны вынік – забеспячэнне бяспечнай і безаварый-
най работы ўсёй газавай гаспадаркі Ляхавіцкага і часткова Баранавіцкага раёнаў. Акрамя таго, што АДУ з’яўляецца службай пастаяннай гатоўнасці, яго работнікаў можна параўнаць з універсальнымі салдатамі, якія ведаюць і могуць у нашай сферы калі не ўсё, то вельмі многае, – гаворыць начальнік Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння вытворчага ўпраўлення «Баранавічыгаз» Аляксандр Кунцэвіч.
Што да гаспадаркі, першае, на што звяртаеш увагу нават пры павярхоўным азнаямленні, – гэта яе маштабнасць, разрозненасць геаграфіі, грувасткасць. На абслугоўванні падраздзялення каля 275 кіламетраў газатранспартных сетак. І гэта
не проста трубы, па якіх блакітнае паліва дастаўляецца размешчаным на тэрыторыі раёна спажыўцам розных катэгорый, а яшчэ і дасканалая, а, значыць, тэхнічна няпростая вытворчая інфраструктура. У тым ліку і больш за чатыры дзясяткі так званых рэгулятарных пунктаў. Задачай апошніх з’яўляецца падтрымка патрэбных параметраў ціску на канкрэтных участках сетак. Падтрымка ж рабочага функцыяналу, належнага парадку ўнутры і эстэтыкі вакол пунктаў-рэгулятараў – важная, але толькі невялікая частка вытворчых клопатаў раёна газазабеспячэння.
Асобную гісторыю піша Ляхавіцкі раён газазабеспячэння па дастаўцы насельніцтву звадкаванага вуглевадароднага газу. Прычым, што адметна, з балонным газам для патрэб жыхароў Ляхавіцкага і Баранавіцкага раёнаў, а таксама горада Баранавічы працуюць выключна нашы газаўшчыкі. На названы від «завязаны» амаль 11 тысяч абанентаў з усіх населеных пунктаў рэгіёна.
– Тры спецыяльныя тыпу
«клетка» аўтамабілі адпраў-
ляюцца на маршрут штодзён-
на. Гаспадар кожнага з 11 тысяч «прыпісаных» да нашага вытворча-сэрвіснага падраз-
дзялення домаўладанняў ведае свой дзень. Для выканання заказу на дастаўку дастаткова папярэдняга тэлефанавання, – тлумачыць Аляксандр Кунцэвіч.
Яшчэ адзін і таксама важны ўчастак адказнасці спецыялістаў Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння – абслугоўванне стацыянарных рэзервуарных установак звадкаванага вуглевадароднага газу. Такіх установак дзевяць, знаходзяцца ў Галаўнінцах, Гайнінцы, Ганчарах, Вялікім Гарадзішчы, Ліпску, Куршынавічах, Свяціцы, Тальмінавічах і Альхоўцах.
– Такія аб’екты ўяўляюць дадатковую складанасць у абслугоўванні. Размяшчаюцца пад зямлёй, раз у дзесяць гадоў падлягаюць дыягностыцы. У тым ліку – на металаструктурную адпаведнасць, для чаго іх неабходна апаражняць, чысціць, тэсціраваць і іншае. З пункту гледжання эканомікі яны таксама з’яўляюцца менш прывабнымі. Адсюль і тэндэнцыя апошніх часоў – паступовы адыход ад іх выкарыстання. Так, напрыклад, з прыведзенага вышэй «спісу дзевяці» ў хуткай перспектыве выпадуць Альхоўцы. У размешчанай тут рэзервуарнай устаноўцы не будзе патрэбы – у вёску прый-
дзе прыродны газ. Як і ў Залужжа, Забер’е, аграгарадок Ліпск паслядоўна. Ажыццяўляюцца работы па пракладцы трубы, – адзначае перспектыву
Аляксандр Кунцэвіч.
А вось пракладка амаль 25 кіламетраў газавай трубы ў падлеска-начаўска-жараб-
ковіцкай зоне Ляхавіцкага раёна ўжо ніякая не перспектыва, а «блакітная рэальнасць». У мінулым годзе праект атрымаў пускавое завяршэнне, і магчымасць карыстання прыродным газам атрымалі жыхары Улазавіч, Падлесся, Канюхоў, Зубелевіч, Начы, Жараб-
ковіч.
– Газіфікацыя раёна працягваецца. А ўсіх, ад каго яна залежыць ці залежала ў мінулым –
нашых паважаных ветэра-
наў, з прафесійным днём! –
на святочнай ноце завяршае Аляксандр Кунцэвіч.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.