Доўгія вёрсты вайны Уладзіміра Тамашука

Уладзімір і Лідзія Тамашукі амаль 60 гадоў крочаць разам

Гледзячы на гэтую шчаслівую сямейную пару, пачынаеш верыць, што шлюбы заключаюцца на нябёсах. Знікае дзясятак гадоў, вочы выпраменьваюць цяпло, калі Уладзімір і Лідзія Тамашукі побач. Сакрэтам сямейнага даўгалецця лічаць яны ўменне падтрымліваць адзін аднаго і ўзаемапавагу.

Уладзімір Аляксандравіч, хоць і пайшоў яму 89-ы год, адчувае сябе бадзёра, па-ранейшаму малады душой. Статны, шыракаплечы, здаецца, часу ён не падуладны. Хвалюецца пра атрыманне медыцынскай даведкі на права ваджэння аўтамабіля:

Пешшу хадзіць ногі баляць. А на машыне я герой. На зрок не скарджуся. Нездарма ж 33 гады за баранкай – шафёрам. У мяне нагрудны знак ёсць “За безаварыйную работу” і ні адной дзірачкі ў правах, – паведамляе з гонарам.

Уладзімір Тамашук – ветэран Вялікай Айчыннай вайны, але пра франтавое мінулае не асабліва любіць апавядаць. Гаворыць, што жыў і ваяваў, як усе.

Родам ён з Задвор’я. У сям’і, акрамя яго, было яшчэ 2 браты. Бацька вельмі хварэў і рана памёр. І фотаздымка нават не засталося – усе дакументы згарэлі на пачатку вайны…

Дарэчы, гэты час Уладзімір Тамашук памятае добра, асабліва часта ўзгадвае выпадак:

Танк поўз, ляскаючы жалезам, ці то з-пад Падбарочча, ці то з-пад Альхоўцаў. А на ім чырвонае палатно з чорным крыжам – нямецкі. Праехаў па Лотве, выехаў на скрыжаванне. З Баранавічаў у гэты час рухаліся 3 палутаркі з салдатамі, цягнулі гармату “трохдзюймоўку”. Танк спыніўся і як лінуў агнём – загарэліся ў момант машыны, а за імі і Лотва…

Уладзімір Тамашук

Прызвалі ў войска ў 44-м. Трапіў служыць у 73-і гвардзейскі зенітна-ракетны полк.

Я з 1925 года нараджэння і з 6 класамі за плячыма стаў зенітчыкам. Тых, у каго менш класаў, прызначылі падносіць боепрыпасы. На год старэйшыя сталі аўтаматчыкамі, – успамінае былы салдат.

Прывезлі іх, маладых, неабстраляных, у Вільнюс, дзе размяшчаўся штаб акругі супрацьпаветранай абароны. Полк быў раскіданы практычна па ўсёй Літве. І ваявалі, і вывучалі ўстройства савецкіх, нямецкіх, амерыканскіх самалётаў, трэніраваліся.

Здзіўлялі і ўражвалі беларускага хлопца адносіны мясцовага насельніцтва. Здаецца, адна дзяржава, а глядзелі на рускіх салдат насцярожана, як на чужакоў:

— Трэба было накасіць травы, каб набіць матрац сенам. Прасіў – не далі касу, хаця вісела пад страхой. Прыйшлося рваць траву рукамі і сушыць. Адна жанчына толькі яблыкамі пачаставала…

Салдатам забаранялася размаўляць з цывільным насельніцтвам – дзейнічаў рэжым павышанай сакрэтнасці.

Галоўнае для зенітчыка было не збіць самалёт, а не дапусціць да аб’екта для разведкі, фатаграфавання, бамбёжкі. Маскіравалі батарэю. Як ляцеў самалёт, дымары адразу пускалі воблака дыму. І горад «хаваўся». Пушкі стралялі перакрыжавана: самалёт аказваўся ў своеасаблівых нажніцах. У гарматны разлік, акрамя камандзіра, уваходзілі 7 чалавек: 2 наводчыкі, 2 прыцэльныя, зараджаючы і 2 падносчыкі снарадаў. Уладзімір Аляксандравіч быў прыцэльным. Гэта патрабавала як адказнасці і ўвагі, так і добрай фізічнай формы.

Часць дыслакавалася ў Літве, але ў ёй ваявала многа юнакоў з Ляхавіччыны: з Цыгані, Альхоўцаў, Патапавічаў. З аднавяскоўцам Іванам Лойкам нават служылі ў адным разліку.

Пад Кенігсбергам ішлі жорсткія кровапралітныя баі. Літоўцы падпальвалі лясы. Уладзімір Тамашук разам з баявымі таварышамі 2 месяцы ахоўваў лясны масіў ад пажару. Тут знаходзіўся вельмі важны на той час аб’ект – пакінутыя немцамі ўкапаныя ў зямлю цыстэрны з гаручым. Машыны прыязджалі сюды запраўляцца.

Памятае салдат і такі выпадак. На станцыі ў Вільнюсе стаяла шмат ваенных эшалонаў. Прыбываў цягнік, у якога перасталі дзейнічаць тармазы – як ішоў, так і пайшоў. Што пачалося… Выбухі былі такія, што колы з-пад вагонаў ляцелі на адлегласць 50 метраў. Уся дахоўка з дамоў пазлятала.

Няпросты гэта быў час, – распавядае ветэран. – Але з любой сітуацыі знаходзілі выйсце. Людзі свята верылі ў перамогу. Мой сябар служыў у пяхоце, ён расказваў, як пры фарсіраванні балота прыдумалі плесці лапці з лазы… Нягледзячы на небяспеку, калі кожны дзень мог быць апошнім, жыццё віравала і на вайне. У нашым разліку былі і дзяўчаты. Яны з усёй дывізіі жылі ў адной зямлянцы. Калі камандаванне заўважала, што ў некага пачуцці, адразу пераводзіла ў другі дывізіён. А пасля вайны мая аднапалчанка выйшла замуж за свайго камандзіра. Часта ўспамінаю баявых таварышаў. Вось бы сустрэцца, успомніць… Розных нацыянальнасцяў былі, характараў, звычак, але жылі дружна, дзяліліся апошнім.

З Вільнюса батарэю пераправілі ў Лентварыс, дзе радавы Тамашук і сустрэў шчаслівую навіну:

Усе радаваліся і крычалі: “Перамога! Перамога!”. Усхваляваныя, мы таксама вырашылі салютаваць. Гарматы ў нас 37-міліметровыя з трасіруючымі снарадамі. Ствол паляцеў – яго толькі потым знайшлі. Добра, што снарад не разарваўся… Былі і такія выпадкі.

Ваенны шлях ветэрана доўжыўся 3 гады 7 месяцаў. Дэмабілізаваўся Уладзімір Аляксандравіч ужо з Баку – з вострава ў Каспійскім моры за 17 кіламетраў ад берага.

У пасляваенныя гады прыйшлося шмат працаваць, адбудоўваць мірнае жыццё. Са сваёй другой палавінкай, Лідзіяй Аляксееўнай, сустрэўшыся аднойчы, разам крочаць ужо амаль 6 дзесяцігоддзяў. Хутка і вяселле брыльянтавае.

Назіраеш за сямейнай парай і радуешся: колькі цеплыні і кахання паміж імі. Дробнымі рознагалоссямі сямейны шлях не псавалі, верылі і давяралі адзін аднаму. Узаемная павага і раўнапраўе – вось складальнікі шчасця Тамашукоў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *