Агульныя інтарэсы і гонар за Радзіму. Мноства разнастайных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню народнага адзінства, прайшло ў Ляхавіцкім раёне

На працягу мінулага тыдня мноства разнастайных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню народнага адзінства, прайшло ў Ляхавіцкім раёне. Да святкавання далучыліся ўсе: школьнікі і выхаванцы дзіцячых садкоў, навучэнцы агракаледжа, БРСМ і іншыя грамадскія аб’яднанні, калектывы ўстаноў, прадпрыемстваў і арганізацый, кіраўніцтва раёна і прадстаўнікі дэпутацкага корпуса. У Год народнага адзінства кожная ўрачыстасць, акцыя, сустрэча праходзілі пад знакам агульных інтарэсаў і гонару за сваю Радзіму.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Ляхавіцкія  мілі дабра

У мінулую суботу эстафету святкавання падхапілі аматары здаровага ладу жыцця. З раніцы каля гарадскога стадыёна «Колас» гучала музыка, было шматлюдна і весела. Дарослыя, моладзь, дзеці (не толькі ляхавічане, але і шматлікія госці з розных рэгіёнаў Беларусі) – прыхільнікі здаровага ладу жыцця і аматары спорту – рыхтаваліся да рэспубліканскага лёгкаатлетычнага забегу «Ляхавіцкія мілі дабра», які сёлета адбыўся ўпершыню і праводзіўся ў межах «Бегавой лігі».
Ініцыятарам правядзення такога мерапрыемства, прысвечанага Году міру і стварэння і Дню народнага адзінства, сталі Ляхавіцкі райвыканкам і ГА «Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі».
Шчыра віталі ўсіх удзельнікаў старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, прызёр Алімпійскіх гульняў, чэмпіён міру ў кіданні молата Іван Ціхан, старшыня райвыканкама Мікалай Мароз. У адкрыцці таксама прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч, майстар спорту міжнароднага класа Дзмітрый Валюкевіч.
У праграме тры старты: сямейны забег, забег на 3 і 10 кіламетраў. Спартыўныя спаборніцтвы, на якія зарэгістраваліся каля паўтысячы ўдзельнікаў, прайшлі на вуліцах райцэнтра.
За дзясятак хвілін да першага старту – абавязковая агульная размінка для ўсіх. Пачаўся зваротны адлік – і старт. Дзядулі і бабулі, бацькі, дзеці розных узростаў (самыя малодшыя яшчэ хадзіць не ўмеюць, таму ўдзельнічаюць у прабегу ў калясках), паспрабавалі свае сілы на дыстанцыі працягласцю 700 метраў. На фінішы кожнаму ўдзельніку былі ўручаны сувеніры, салодкія пачастункі і медалі. Таксама кожнаму прапаноўваліся вада і марожанае ад спонсараў. Як сведчаць удзельнікі, прыемна і ганарова атрымаць віншаванні і ўзнагароды ад алімпійскага  прызёра ці кіраўніка раёна! Эмоцыі перапаўнялі і спартсменаў-аматараў, і шматлікіх гледачоў. Вось толькі некаторыя ўражанні.
Арцём ГЕЦМАН, 10 гадоў:
– Я бег разам з бабуляй. Фінішаваў бы раней, але некалькі разоў спыняўся, бо чакаў бабулю, якой бегчы было цяжэй, чым мне. А так усё класна і весела атрымалася. Трэба было яшчэ і маму з сабой браць.
Мікалай БУРБУЦЬ, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама:
– Удзельнічалі ўсёй сям’ёй: мы з жонкай і два сыны – 18-гадовы Максім і 8-гадовы Аляксандр. Вельмі спадабалася, усё супер. Наша сям’я са спортам сябруе. Здорава, што і ў Ляхавічах такое класнае мерапрыемства арганізавана. Дзякуй усім за гэта!
А тым часам на размінцы – удзельнікі больш працяглай дыстанцыі – тры кіламетры. Здаецца, толькі стартавалі бегуны, але не прайшло і 10 мінут, як першы удзельнік перасягнуў фінішную рысу. І гэта жыхар Рэчыцы Аляксандр Свіцянкоў, якога шчыра сустракаюць сябры.
– Прадстаўляю клуб аматараў бегу «Расінка», што дзейнічае ў Рэчыцы. Спортам займаюся больш за 15 гадоў і часта ўдзельнічаю ў розных забегах. У Ляхавічах дыстанцыя нялёгкая, рады, што ўсё атрымалася. Падтрымка балельшчыкаў грандыёзная. Спадабалася і арганізацыя спаборніцтваў, усё строга па распарадку, без збояў і затрымкі, –
адзначае Аляксандр Свіцянкоў.
Сярод прадстаўніц прыгожай  паловы самай хуткай стала ляхавічанка Лізавета Замацеўская.
– Я мама двух дзяцей, зараз у дэкрэтным водпуску. Люблю спорт, але такога кшталту забег у мяне першы. Канешне, цяжкавата сапернічаць з такой колькасцю ўдзельнікаў. Не думала, што ўдасца выйграць, старалася атрымаць задавальненне ад духу спаборніцтва, – дзеліцца ўражаннямі Лізавета. Дарэчы, яна колішняя выхаванка Ляхавіцкай СДЮШАР, чэмпіёнка Беларусі сярод юнакоў і дзяўчат.
Яшчэ адну зямлячку настаўніцу СШ № 1 Крысціну Шымкевіч на фінішы сустракалі два сыны.
– Разам са старэйшым, якому 11 гадоў, і малодшым, якому тры гады, стартавалі ў сямейным забегу, а цяпер вось сама бегла тры кіламетры. Думала, будзе лягчэй. Перад фінішам крыху здала. Затое эмоцый і адрэналіну шквал, – гаворыць Крысціна Шымкевіч.
Выкладчык аграрнага каледжа Яўгеній Біза стартаваў на трохкіламетровай дыстанцыі.
– Першы раз цяжкавата. Але з дыстанцыі не сышоў, бо галоўнае не перамога, а ўдзел. Думаю, наступны раз вазьму рэванш, – зазначае Яўгеній.


Пакуль атрымліваюць віншаванні і падарункі, адпачываюць удзельнікі папярэдняга забегу, на старт выходзяць тыя, хто пабяжыць 10 кіламетраў. Адна з іх мінчанка Ала Панкратовіч:
– Пастаянна ўдзельнічаю ў бегавой лізе, сачу за інфармацыяй, дзе праводзяцца чарговыя прабегі. Сёння ў пяць гадзін раніцы на электрычцы выехала з Мінска, каб паспець прыехаць у Ляхавічы і нават патрэніравацца. Падабаецца спаборнічаць. Думаю, пры маёй выдатнай падрыхтоўцы магу прэтэндаваць на прызавое
месца.
Што, дарэчы, у Алы Панкратовіч і атрымалася. Яна фінішавала трэцяй сярод жанчын.
Пасля таго, як стаеры пераадолелі 10-кіламетровую дыстанцыю, адбылося ўзнагароджванне пераможцаў сертыфікатамі і прызамі ад Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.
Генеральны партнёр сямейнага забегу – ААТ «Белаграпрамбанк». Сярод спонсараў – вытворца мінеральных і пітных вод у Беларусі – кампанія «Дарыда», СП «Санта Брэмар» ТАА.
Гэта было не толькі выдатнае спартыўнае мерапрыемства,але і вялікае сямейнае свята, што так сімвалічна напярэдадні Дня народнага адзінства. На стадыёне ўладкавалі лабірынт з цюкоў сена і саломы, паблукаць па ім мог кожны жадаючы незалежна ад узросту. А яшчэ можна было пазнаёміцца з жалезнымі экспанатамі на выставе сельскагаспадарчай тэхнікі.

Урачыста і святочна

Вечарам цэнтрам святкавання стаў гарадскі Дом культуры, тут прайшлі ўрачыстасці «Мы – адзінае цэлае» і гала-канцэрт калектываў мастацкай самадзейнасці Ляхавіччыны.У фае землякоў чакала кніжная выстава «2023 – Год міру і стварэння». А потым сваю творчасць дарылі гледачам самадзейныя артысты. Гучалі патрыятычныя і лірычныя, народныя і эстрадныя песні, радавалі гледачоў танцамі юныя артысты. Гледачы не шкадавалі апладысментаў!
Заключным суботнім акордам святкавання Дня народнага адзінства стала дыскатэка «Беларусь маладая».
Акрамя таго, у кінатэатры «Кастрычнік» можна было паглядзець кінастужку студыі «Беларусьфільм» «На другім беразе».
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.