Жывіце ў радасці! Пяшчотна, шчыра і з любоўю ўшаноўвалі землякоў залатога ўзросту ў розных куточках Ляхавіччыны

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Пяшчотна, шчыра і з любоўю ўшаноўвалі напрыканцы мінулага тыдня землякоў залатога ўзросту ў розных куточках Ляхавіччыны

Напярэдадні і ў Дзень пажылых людзей у дамы і кватэры многіх гараджан і вяскоўцаў сталага ўзросту з падарункамі і віншаваннямі завіталі не толькі родныя і блізкія, але і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, моладзь, валанцёры, школьнікі. Не забыліся пра ветэранаў працы і многія арганізацыі і прадпрыемствы: віншавалі, уручалі падарункі.

Ушанаванне равеснікаў стагоддзя – прыгожая традыцыя. Да стогадовай Марыі Маслоўскай з вёскі Задвор’е напярэдадні Дня пажылых людзей прыехалі прадстаўнікі раённай арганізацыі ГА «Белая Русь», ТЦСАН, аддзела загса. Павіншавалі, пагаварылі па душах і ўручылі падарункі.


Да акцыі «Павага. Клопат. Адказнасць» далучыліся школы раёна. Рабяты разам з настаўнікамі завіталі па многіх адрасах, дзе жывуць пажылыя грамадзяне, павіншавалі іх са святам, пажадалі моцнага здароўя і ўсяго самага добрага, пагутарылі і нават дапамагалі па гаспадарцы, як, напрыклад, навучэнцы Ліпскай СШ – цімураўцы атрада «Міласэрнасць» і валанцёры атрада «Добрае сэрца».
Не пакінулі без увагі землякоў залатога ўзросту і культработнікі. З песнямі, віншаваннямі, шчырымі пажаданнямі завіталі самадзейныя артысты ў дамы аднавяскоўцаў. Традыцыйна 1 кастрычніка работнікі Падлескага СДК і бібліятэкі сумесна з навучэнцамі базавай школы павіншавалі пенсіянераў, у тым ліку адзінокіх пажылых грамадзян.
Народны ансамбль ветэранаў «Сівізна» канцэртнай праграмай «Славім мудрасць і маладосць душы» парадаваў жыльцоў Ганчароўскага дома сумеснага пражывання.
З любоўю рыхтавалі музычнае віншаванне «Мудрай восені шчаслівыя моманты» работнікі Навасёлкаўскага СДК, каб потым весела і па-дамашняму цёпла павіншаваць прадстаўнікоў сталага пакалення.
А днём у першы дзень кастрычніка ў ГДК адбылася святочная праграма «Жывіце ў радасці!». Да чаго ж таленавітыя нашы паважаныя ветэраны працы! Адметныя гаспадары і кулінары, кветкаводы і майстры, садаводы і артысты. Што і пацвердзіла выстава, якая размясцілася ў фае Дома культуры. Парадаваў россыпам музычных нумароў канцэрт, у якім узялі ўдзел як юныя артысты, так і героі святкавання – творчыя землякі залатога ўзросту.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.