Добраўпарадкаваліся па-майстэрску. У Ляхавічах названы пераможцы на лепшае конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан тэрыторый

Штогадовы агляд-конкурс на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан тэрыторый райцэнтра назваў пераможцаў сёлетняга спаборніцтва. Сярод прэтэндэнтаў, якія падалі заяўкі на ўдзел, спецыяльная камісія выбрала лепшага ў кожнай намінацыі. Ушанаванне пераможцаў адбылося ва ўрачыстай абстаноўцы на кастрычніцкім пасяджэнні райвыканкама.

Намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк уручыў дыпломы і грашовыя прэміі лепшым у розных намінацыях.
Знаёмімся з адрасамі, дзе парадак, чысціня і санітарны стан на вышэйшым узроўні.
У намінацыі «Лепшае прадпрыемства ці арганізацыя» перамога ў ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». Завадчане не стамляюцца радаваць землякоў навінкамі ў афармленні не толькі тэрыторыі вакол прадпрыемства, але і ўключаюць эксклюзіўныя ноткі ў абноўкі для гарадскога пейзажу. Адны толькі інсталяцыі «Птушкі-ляхавічкі» ў дзвюх версіях чаго вартыя.
Прадпрыемства меліярацыйных сістэм адметна добраўпарадкавала тэрыторыю і пастаянна падтрымлівае там узорны парадак.
У яго першынство ў намінацыі «Лепшая арганізацыя сельскагаспадарчай галіны».
Колькі захопленых водгукаў гучыць у адрас дызайнерскіх задумак і творчага афармлення тэрыторыі гімназіі (на здымку). Таму гімназічная перамога ў намінацыі «Лепшая ўстанова адукацыі» прадказальная і чаканая.
Эстэтычна, утульна, стыльна – такая тэрыторыя Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы. І адзнака медыкам – першынство ў намінацыі «Лепшая арганізацыя сацыяльнай сферы».
Арганізацыі-пераможцы згодна з палажэннем аб конкурсе атрымалі да дыплома па 35 базавых велічынь кожная.
У намінацыі «Лепшая прыдамавая тэрыторыя аднакватэрных жылых дамоў» прэтэндэнтаў на званне лепшага гаспадара было ўсяго двое: ляхавічанкі Валянціна Марару і Антаніна Касцюкова, і кожная сапраўды дастойная перамогі. Іх прыдамавыя тэрыторыі на завулку Яблыневым і вуліцы Міру – узор прыгажосці і добраўпарадкаванасці. На гэты раз журы назвала пераможцай Валянціну Марару, у яе дыплом і прэмія ў памеры пяці базавых велічынь.
Вынікі сёлетняга конкурсу падведзены, імёны пераможцаў названы, падарункі ўручаны. Рыхтуемся да наступнага сезона. Сачыце за аб’явамі і абавязкова падавайце заяўкі на ўдзел у аглядзе-конкурсе-2024 на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан тэрыторый.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.