80! Раёнка: ёсць што ўспомніць. Лад жыцця – раёнка

За 80 гадоў існавання раёнка непазнавальна змянілася. Баявы лісток фармату А4 па-ранейшаму баявы, але пра лісток размова даўно не ідзе. 20–24 старонкі ў тыдзень друкаванага выдання аператыўна і змястоўна дапаўняюцца навінамі на інтэрнэт-сайце раёнкі. Свае чытачы на нашых афіцыйных старонках у «Аднакласніках» і «ВК». Пашыраюць кола падпісчыкаў стужка ў інстаграме, каналы «ЛВ» у тэлеграме і TikTok, на YouTube. Мы мяняемся разам з нашымі чытачамі і даём ім магчымасць не толькі быць у курсе падзей, але падштурхоўваем іх мяняцца: разважаць, рабіць высновы, далучацца да стваральных спраў…

Сёння субота – для многіх выхадны дзень. Нашы падпісчыкі па
3 700 адрасах у раёне і за яго межамі традыцыйна атрымаюць суботні выпуск «Ляхавіцкага весніка», цяпер ужо ў паўнаколерным выкананні. А яшчэ звыкла адкрыюць інстаграм ці тэлеграм-стужку – пачытаць апошнія навіны. «Добрай раніцы, не забудзьцеся парасон! А зараз – пра кірмаш, які праходзіць у Ляхавічах». Пра прамыя лініі, з дапамогай якіх можна вырашыць вострыя пытанні. Пра спартыўнае свята, прымеркаванае да Дня бацькі, і яшчэ многае іншае…
«ЛВ» разам з вамі сем дзён на тыдні! Дзякуй за гэта маім сённяшнім калегам, якія не лічацца з уласным часам, каб зрабіць адметнае фота, знайсці цікавыя навіны і запоўніць імі газетныя старонкі і стужкі месанджараў, сацыяльных сетак.
Дзякуй усім, з кім за 24 гады давялося разам працаваць. Кожны «веснікавец» пакінуў цёплы след у сэрцы, стаў блізкім чалавекам, якога радасна чуць і бачыць, за якога перажываеш, якому шчыра жадаеш дабра.
І дзякуй «Весніку», які для ўсіх нас даўно стаў жыццёвым «дыягназам», ладам жыцця, а, часам здаецца, і самім жыццём.
Святлана СТЫКУЦЬ, намеснік галоўнага рэдактара