80! Раёнка: ёсць што ўспомніць. Дарагая рэдакцыя
«Ляхавіцкі веснік» – частка майго жыцця, якое сёння і не ўяўляю без роднай рэдакцыі і газеты. Дакладна помню першы дзень працы ў раёнцы – 18 сакавіка 1996 года. Нават і не верыцца, што мінула ўжо амаль тры дзесяцігоддзі.

Вельмі хвалявалася тады, але калектыў мяне прыняў добра. Заўсёды імкнуліся дапамагчы і падказаць. Я ж прыйшла
з сельскай гаспадаркі, працавала памочнікам галоўнага агранома. У газеце для мяне ўсё было новым і незвычайным, але такое было вялікае жаданне ўсяму навучыцца! Узначальваў газету галоўны рэдактар Іосіф Цімафеевіч Карпыза, і ён вельмі цярпліва тлумачыў мне абавязкі мантажніцы. Ларыса Аляксандраўна Панфіла некаторы час была, без перабольшвання, маім настаўнікам, які паказваў і расказваў, як і што рабіць. Аліна Аляксандраўна Лапіч, Ала Васільеўна Бурвель, Вольга Пятроўна Барадзіна, Лілія Міхайлаўна Гілеп і іншыя – мой дарагі і любімы калектыў.
Гэта зараз камп’ютары і камп’ютарная вёрстка, а раней газету рабілі на паперы – быццам аплікацыяй займаліся. Уручную на лісты наклейвалі тэксты, уклейвалі асобныя літары, калі выпраўлялі памылку. На друкарскай машынцы набіралі загалоўкі, карэкціравалі тэксты, пасля палосы вярсталіся на тыпатайперы… Неаднойчы павышала прафесійную кваліфікацыю, і ў працоўнай кніжцы запісана: «пераведзена на пасаду адказнага выпускаючага рэдакцыі газеты «Ляхавіцкі веснік». Са з’яўленнем камп’ютараў стала аператарам электроннага набору і вёрсткі.
Сёння наша газета ўвабралася ў колер, патаўсцела і стала больш стыльнай.
Натхняемся ад галоўнага рэдактара запалам яе творчасці і крэатыву. Кожны нумар з калегамі пражываем, як асобную падзею. Хочацца, каб наша газета была самай лепшай, прыходзіла ў кожны дом! Жадаю любімай раёнцы даўгалецця і вялікіх тыражоў.
Вольга ДАШЫНА,
аператар электроннага набору і вёрсткі.

