80! Раёнка: ёсць што ўспомніць. Месца сустрэчы – не толькі сайт

Змяніць 11 гадоў назад школу на газету было цяжка, але цікава. І не скажу, што не сумавала па школе, але журналістыка – гэта іншы свет. Давялося асвоіць шмат новых абавязкаў, навучыцца апранаць думкі ў тэксты, ставіць навіны на сайт і ў групы газеты ў сацыяльных сетках.

Не далі згубіцца ў інфармацыйнай прасторы калегі, якія падтрымлівалі і падказвалі. Тады галоўны рэдактар раёнкі Вольга Пятроўна Барадзіна вучыла, як тэкстам даваць «смачныя» загалоўкі, каб яны прыцягвалі ўвагу, як перадаваць пачуцці на паперы, каб яны сталі блізкімі чытачу. І з інтарэсам назірала, як яна надыктоўвала свае чарговыя маналогі, каб пасля з інтарэсам чытаць. За ўсе ўрокі шчыра ўдзячна!
11 гадоў незаўважна прамчалі. Кола школьных сяброў-педагогаў пашырылася новымі знаёмствамі з розных сфер жыцця. І ў гэтым асаблівае зачараванне газетнага слова. Кожны герой, пра якога некалі пісала, у памяці назаўсёды і застаецца блізкім чалавекам.
У сэрцы і калегі-газетчыкі, якія зараз на заслужаным адпачынку. Кожная сустрэча з імі – падзея і свята. Столькі разам перажыта,
а колькі яшчэ наперадзе!
За час змяніўся сайт раёнкі – Lves.by – гучыць аўтарытэтна, і чытаюць яго не толькі ў Беларусі. Да сайта далучыліся групы газеты ў разнастайных сацыяльных сетках і месанджарах. Раёнка прадстаўлена ўсюды! Прычым групы не паўтараюць адна адну, а напаўняюць інфармацыйнае поле Ляхавіччыны. І ганарова ад таго, што маю да гэтага дачыненне.
Наталля ПЕРАПЕЧКА,
загадчык аддзела інтэрнэт-рэсурсаў.