«Хуткія» абноўкі для райбальніцы. Аўтамабільны парк Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы істотна абнавіўся за кошт дзяржаўнай дапамогі

За гэты год аўтамабільны парк Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы істотна абнавіўся за кошт дзяржаўнай дапамогі. Напрыканцы мінулага тыдня яго папоўнілі дзве машыны хуткай дапамогі.
На мінулым тыдні партыя з 15 аўтамабіляў хуткай медыцынскай дапамогі паступіла ў розныя гарады і раёны Брэстчыны. Машыны набыты цэнтралізавана Міністэрствам аховы здароўя за кошт рэспубліканскага бюджэту. Ляхавіцкаму раёну пашчасціла асабліва: адразу два новенькія аўто папоўнілі аўтапарк аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Ляхавіцкай ЦРБ.
– Дзве машыны «МАЗ-Купава», абсталяваныя для аказання неадкладнай медыцынскай дапамогі, заменяць сваіх папярэднікаў, якія прадоўжаць працаваць у іншых падраздзяленнях ЦРБ. Новыя «хуткія» аснашчаны ўсім неабходным. У камплекце,
сярод іншага, разнастайныя віды насілак, падвеснае абсталяванне, сістэмы для падачы кіслароду, электраабсталяванне для падключэння медыцынскай апаратуры. Такога кшталту тэхнічнае перааснашчэнне,
бясспрэчна, станоўча паўплывае на якасць медыцынскага абслугоўвання жыхароў раёна. У сваю чаргу, медыкі ўдзячны за такі дзяржаўны клопат, – адзначае выконваючы абавязкі намесніка галоўнага ўрача УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Вольга Васілько.
Дарэчы, на пачатку года аўтапарк Ляхавіцкай райбальніцы таксама папоўніўся абноўкай – новы аўтамабіль «Газель NEXT» быў набыты для УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» за кошт сродкаў, заробленых землякамі на раённым суботніку, а зараз эфектыўна выкарыстоўваецца для аказання медыцынскай дапамогі амбулаторным
хворым.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.




