«Санітарны дзень» для лістапада. Райвыканкам прыняў рашэнне правесці ў Ляхавіцкім раёне месячнік па прыбіранні, добраўпарадкаванні і азеляненні двароў, плошчаў, вуліц, сквераў, паркаў, зоны адпачынку і іншых аб’ектаў сацыяльна-бытавога і культурнага прызначэння

Восень – не толькі рознакаляровая прыгажосць, занатаваная ў вершаваных і празаічных радках класікаў. Менавіта ў гэтую пару года паўсюдна наводзіцца чысціня, каб парадкам сустрэць зіму. Клопатаў і работы хапае не толькі прадпрыемствам і арганізацыям, якія ў адказе за агульнае добраўпарадкаванне, – дарожнікам, камунальнікам, лесаводам і іншым службам.
Без дапамогі, актыўнага ўдзелу і падтрымкі з боку неабыякавых землякоў добраўпарадкаванне ўявіць цяжка. Так што апранаем рабочую форму, запасаемся неабходным інвентаром і за справу – наводзім талакой парадак у нашым агульным доме, Ляхавіччыне.
Райвыканкам прыняў рашэнне правесці з 5 кастрычніка па 20 лістапада ў Ляхавіцкім раёне месячнік па прыбіранні, добраўпарадкаванні і азеляненні двароў, плошчаў, вуліц, сквераў, паркаў, зоны адпачынку і іншых аб’ектаў сацыяльна-бытавога
і культурнага прызначэння. Створана рабочая група па маніторынгу за навядзеннем парадку і добраўпарадкаваннем тэрыторыі раёна. Важкай і неабходнай стане дапамога з боку працоўных калектываў, моладзі. Па-ранейшаму зона адказнасці прадпрыемстваў і арганізацый – падведамасныя і прылеглыя тэрыторыі. З упэўненасцю можна сказаць: восеньскіх суботнікаў з удзелам працоўных калектываў будзе нямала.
У зоне павышанай увагі шэраг актуальных адрасоў і аб’ектаў, дзе патрабуецца прыкласці нямала агульных намаганняў, каб было чыста. Гэта тычыцца ў тым ліку прамысловай зоны райцэнтра, некаторых гаражна-будаўнічых кааператываў і масіваў, рамонту вулічна-дарожнай сеткі, уездаў у двары шматкватэрных дамоў, унутрыквартальных праездаў і іншых тэрыторый. КУШВП ЖКГ
«Ляхавіцкая ЖКГ» неабходна прыняць усе меры і прывесці ў належны стан дваровыя тэрыторыі шматкватэрнай забудовы, ухіліць праблемныя моманты на дзіцячых гульнявых пляцоўках, пры неабходнасці прыцягваць да гэтых спраў насельніцтва. А самай відавочнай адзнакай агульнай справы стануць абноўленыя і, галоўнае, бяспечныя дзіцячыя пляцоўкі, уладкаваныя двары. Так што, жыхары шматкватэрнікаў, далучайцеся! Хто калі не мы самі паклапоціцца пра чысціню?
Пра тое, як праходзіць месячнік, можна, як заўжды, даведацца на старонках «ЛВ» – у газеце і на інтэрнэт-прасторы. Вельмі хочацца, каб гэта былі станоўчыя кадры і факты. Дакажам, што ў Ляхавіцкім раёне жывуць сапраўдныя гаспадары!
Галіна КАНЬКО.

