Прышчэпка здароўя. Вакцыянацыя — просты, бяспечны і эфектыўны спосаб абароны ад хвароб

Просты, бяспечны і эфектыўны спосаб абароны ад хвароб да таго, як чалавек уступіць у кантакт з іх ўзбуджальнікамі, – вакцынацыя.
Ужо сёння ў раёне назіраецца рост захворвання вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі. Варта ведаць, што асаблівую небяспеку ўяўляе спалучэнне інфекцыі COVID-19 і сезоннага грыпу. І гэта звычайная з’ява для восеньскага сезона. Таму варта загадзя забяспечыць сабе абарону. Вакцынацыя супраць грыпу патрэбна ўсім, вакцына, якая сёння маецца ў наяўнасці ў медыкаў, можа выкарыстоўвацца ў дзяцей з шасцімесячнага ўзросту і далей пры адсутнасці супрацьпаказанняў. Супрацьпаказаннем да прышчэпкі супраць грыпу з’яўляецца цяжкая алергічная рэакцыя (напрык-лад, анафілактычны шок). Прычым, нават пры абвастрэнні хранічнага захворвання не трэба адмаўляцца ад яе, а адкласці да выздараўлення. Ахоўны ўзровень антыцелаў фарміруецца на працягу двух-трох тыдняў пасля ўвядзення вакцыны, а аптымальная абарона захоўваецца тры – шэсць месяцаў.
На Ляхавіччыне вакцынацыя праводзіцца «Вакцынай для прафілактыкі грыпу» (вытворчасці Расіі) і «Ваксігрып Тэтра» (Францыя).
Медыкі, як і раней, для правядзення вакцынацыі выязджаюць на прадпрыемствы і ў арганізацыі. Так, на Ляхавіцкім кансервавым заводзе 27 кастрычніка ад грыпу прышчапіліся 23 працаўнікі, ад кавіду – 27.

Вакцынацыя супраць грыпу праходзіць на фоне вакцынацыі супраць каранавіруснай інфекцыі – адпаведныя прышчэпкі можна зрабіць адначасова ці з розніцай у два тыдні.
На Ляхавіччыне па стане на 30 кастрычніка ад грыпу прышчэплена больш за 2 700 чалавек ці амаль 12 працэнтаў насельніцтва. Актыўна праводзіцца бустарная вакцынацыя ад COVID-19. Па стане на
27 кастрычніка, першым бустарам прышчэплена амаль
15 000 чалавек, другім бустарам – больш за 14 000, трэцім – 2 325.
Прышчэпачная кампанія працягваецца. Станьце яе ўдзельнікам!
Леаніда ШЫНГЕЛЬ, памочнік урача-эпідэміёлага райЦГіЭ.