Лістападаўская дзясятка. На Ляхавіччыне шлюб рэгіструюць не толькі 18-гадовыя

Пяць дзяўчынак і пяць хлопчыкаў – лістападаўскі дзіцячы залік на Ляхавіччыне. У аддзеле загса райвыканкама бацькам выдадзена чатыры пасведчанні аб нараджэнні дзяцей, шэсць – у сельвыканкамах.

Першынец зарэгістраваны ў адной сям’і, другое дзіця – у пяці, трэцяе – у чатырох сем’ях, расказала «ЛВ» начальнік аддзела загса райвыканкама Вольга Новік.
Сярэдні ўзрост лістападаўскага бацькі – 37 гадоў, маці – 30. Самыя маладыя – 22-гадовы бацька і 24-гадовая маці. Стаў бацькам 57-гадовы зямляк, маці – 42-гадовая ляхавічанка.
Дзяўчынка Кіра нарадзілася з вагой 4 260 грамаў пры росце 56 сантыметраў. У сям’і гэта другое дзіця. Дакумент аб нараджэнні дачкі бацькі атрымалі ў Жарабковіцкім сельвыканкаме.
Хлопчыкаў назвалі Ілья, Яраслаў, Канстанцін, Цімафей, Данііл. Дзве сям’і назвалі сваіх дочак Вікторыямі, таксама былі Вера, Злата і Кіра.
З дзевяці лістападаўскіх шлюбаў сем зарэгістраваны ў Ляхавічах, па адным – у Крывошынскім і Конькаўскім сельвыканкамах.
Сярэдні ўзрост жаніха – 27 гадоў, нявесты – 29. У апошні месяц восені вяселле згулялі 18-гадовыя жаніх і нявеста. Пад заслону восені стварылі сям’ю 50-гадовы ляхавічанін і 49-гадовая ляхавічанка.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.