Не згасне Зорка Героя

22 студзеня на 87 годзе перастала біцца сэрца славутага земляка Героя Сацыялістычнай Працы, колішняга старшыні калгаса імя Ламаносава Генрыха Міхайлавіча Траццяка.
Пайшоў з жыцця чалавек-легенда, патрыёт, грамадзянін, адданы сваёй Беларусі, які бязмежна любіў малую радзіму – Ляхавіччыну, нямала зрабіў, каб як мага больш людзей даведаліся пра авеяны гісторыяй маляўнічы куточак Флер’янова.
Генрых Траццяк – асоба ў нашым раёне вядомая. Ён ва ўсе часы быў у гушчыні падзей, заўжды першы, генератар цікавых задумак і ініцыятар новаўвядзенняў, многія з якіх прыносілі важкі вынік. У
1969 годзе 32-гадовы навуковы супрацоўнік Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Генрых Траццяк пасля вучобы вярнуўся на малую радзіму і пачаў свой працоўны шлях аграномам у калгасе імя Ламаносава, потым і ўзначаліў гаспадарку –
быў старшынёй на працягу амаль трох дзесяцігоддзяў. І менавіта з маладым кіраўніком калгас з Ляхавіцкага раёна ўсё гучней заяўляў пра сябе на аграрнай ніве не толькі БССР, але і ўсяго Савецкага Саюза. Генрых Траццяк, ні калі працаваў аграномам, ні ў часы старшынства, не за-бываў пра навуку, у 1975 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1988 годзе Генрыху Траццяку прысвоілі званне Героя Сацыялістычнай Працы. У 2012 годзе яго прозвішча было ўнесена ў міжнародную энцыклапедыю «Лепшыя людзі». Генрых Траццяк – уладальнік ордэнаў і медалёў за працоўныя дасягненні.
Генрых Траццяк заўжды меў актыўную грамадзянскую пазіцыю, землякі неаднаразова аказвалі яму давер абараняць свае інтарэсы ў дэпутацкім корпусе розных узроўняў, балаціраваўся, у тым ліку, у Вярхоўны Савет БССР. З інтарэсам займаўся грамадскай работай, на працягу дзесяцігоддзя ўзначальваў Ляхавіцкі раённы савет ветэранаў, часта сустракаўся са школьнікамі, моладдзю, яго з задавальненнем запрашалі на сустрэчы ў школы раёна, аграрны каледж, бо Генрых Траццяк быў цудоўным расказчыкам, суразмоўцам з багатым жыццёвым вопытам. З якім натхненнем ён захапіўся ідэяй адраджэння сядзібы Бохвіцаў – гістарычнай і культурнай спадчыны Ляхавіччыны. Не шкадуючы сіл сам працаваў і прыцягваў прадстаўнікоў грамадскасці, працоўных калектываў, змог аб’яднаць ваколь сябе сотні людзей. А потым і сам праводзіў экскурсіі для усіх, хто прыязджаў у Флер’янова. Гэты вялікай душы чалавек быў заўжды рады гасцям.
Генрых Міхайлавіч Траццяк назаўжды застанецца ў памяці. Шчырыя спачуванні родным і блізкім, усім, хто ведаў Генрыха Траццяка.