Чытайце, аналізуйце і каменціруйце… Што абмяркоўвалі на мінулай апаратнай нарадзе ў райвыканкаме

Аналітычнасць, аператыўнасць, актуальнасць – такой павінна быць інфармацыя, каб заўжды былі прагляды, каментарыі, падпіскі і рэпосты, каб была запатрабаванасць у інфармацыйнага рэсурсу. На мінулай апаратнай нарадзе абмяркоўвалі інфармацыйную палітыку на тэрыторыі раёна.

У полі зроку – усе рэсурсы, якія ў асноўным трымаюць і фарміруюць інфармацыйны парадак дня ляхавічан. Сёння «Ляхавіцкі веснік» імкнецца па максімуму 24 на 7 быць са сваімі падпісчыкамі – у любым фармаце і рэсурсе. Агульная лічба падпісчыкаў (з улікам падпіскі на друкаваную версію раённай газеты) складае больш за 27 тысяч. У суботу і сераду раёнка прыходзіць больш як па чатырох тысячах адрасоў.
– З улікам таго, што часта па адным адрасе прыходзіць адна газета, «Ляхавіцкі веснік» імкнецца насычаць старонкі і галоўнымі рэспубліканскімі падзеямі, навінамі з Брэстчыны і, канешне, расказвае тое, што адбываецца на Ляхавіччыне. Асаблівую ўвагу заваявалі публікацыі праблемнага характару. Сёння «ЛВ» імкнецца рэагаваць на ўсе запыты чытачоў, разабрацца ў праблеме, адрасуючы пытанні кампетэнтным службам, – адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Бурак.
З тым фактам, што інфармацыя павінна быць і даступнай, спрачацца не будзем. Важна хутка знайсці, што на даны момант хвалюе чалавека. Што датычыць дзейнасці Ляхавіцкага райвыканкама, уся неабходная інфармацыя аператыўна змяшчаецца на афіцыйным сайце http://liahovichi.brest-region.gov.by.
– Сёння важна, каб кожны мог знайсці інфармацыю ў тым рэсурсе, якім карыстаецца. Таму раённая ўлада пашырыла інфармаванне ў такіх сацыяльных сетках, як Instagram, «Аднакласнікі», «ВКонтакте». Значна пашырылі аўдыторыю ў тэлеграм-канале райвыканкама «Ляхавічы». Прыемна, што атрымалі зваротную сувязь –
каментарыі, лайкі, прапановы і скаргі. Стараемся хутка рэа-
гаваць, адказваць на пытанні ў той сацыяльнай сетцы, дзе паступіла пытанне, – адзначыла Вольга Бурак.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч пацікавіўся, што запланавана дзеля павелічэння чытацкай аўдыторыі, павелічэння праглядаў і каменціруемасці рэсурсаў. Галоўнае патрабаванне, канешне, імгненнае рэагаванне на выклікі часу – быць анлайн з месца падзей, даваць дакладныя адказы на пытанні карыстальнікаў. Лічы, сацыяльныя сеткі таксама механізм сувязі ўлады і грамадзян. Таму магчымасці інтэрнэт-рэсурсаў варта выкарыстоўваць на ўсе сто працэнтаў.
Год якасці практычна адлічыў першы месяц. Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз адзначыў, што і ў рэсурсах варта паказаць усё лепшае, чым славіцца наша Ляхавіччына.
– Мы шмат чаго вырабляем і робім гэта якасна! Нашы брэнды ведаюць і паважаюць, ёсць попыт. А за гэтым стаіць якасная работа нашых землякоў – гэта таксама вектар, які патрабуе інфармавання, – сказаў Мікалай Мароз.

Рыта КРАСАВІЦКАЯ.