А вокны – за свой кошт. У вяскоўца праблема жыллёвага характару

Вёска Каранеўшчына, вуліца Маякоўскага – адрас, з якога паступіў чарговы званок на гарачую лінію «Ляхавіцкага весніка». Аўтар звароту – непрацуючы інвалід ІІ групы. У вяскоўца праблема жыллёвага характару. У непрыватызаванай кватэры, дзе жыве заяўнік, вокны ў дрэнным стане – вось-вось вываляцца, а замяніць іх за ўласны кошт гаспадар не можа па прычыне невялікай пенсіі па інваліднасці. У мінулым годзе ў трохпавярховым доме № 1 па вуліцы Маякоўскага быў праведзены капітальны рамонт, але вокны ў кватэры інваліда не мянялі. Мужчына звяртаўся за тлумачэннямі і ў КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» і ў ПМК-13, якое і выконвала капітальны рамонт. Аднак адказ службовых асоб грамадзяніна не задаволіў, таму ён і звярнуўся за дапамогай у раёнку.
Разбор сітуацыі «ЛВ» пачаў з камунгаса.
– У 2023 годзе капітальна адрамантаваны дом № 1 па вуліцы Маякоўскага ў Каранеўшчыне. Згодна з праектам адрамантаваны дах дома і інжынерныя сеткі, дэманціраваны старыя і ўсталяваны новыя балконы, заменены вокны і дзверы ў месцах агульнага карыстання. Работы праведзены за бюджэтныя сродкі і адлічэнні насельніцтва на капрамонт. Што тычыцца замены вокнаў у кватэрах, незалежна ад таго прыватызаваныя яны ці не, то гэты від работ праводзіцца за кошт жыльцоў. Камунгас устанаўлівае новыя вокны толькі ў кватэры, дзе ніхто не жыве, пад наступнае засяленне, –
расказвае начальнік вытворча-тэхнічнагааддзела Ляхавіцкай ЖКГ Цімур Адамчык.
Таксама Цімур Адамчык параіў жыхару Каранеўшчыны звярнуцца за атрыманнем сацыяльнай дапамогі, каб замяніць старыя вокны на новыя. Каб высветліць, наколькі рэальная і істотная такая дзяржаўная падтрымка, «ЛВ» звярнуўся ва ўпраўленне па працы, занятасці
і сацыяльнай абароне райвыканкама.
– Аказаннем аднаразовай сацыяльнай дапамогі з Фонда сацыяльнай абароны займаецца тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, і аказваецца такая падтрымка для аднаго грамадзяніна адзін раз у год. Толькі летась за матэрыяльнай падтрымкай звярнуліся 242 жыхары Ляхавіччыны. Максімальны памер выдаткаванай дапамогі на аднаго чалавека складае бюджэт пражытачнага мінімуму (сёння 406 рублёў). Нагадаю, што для атрымання такой дапамогі неабходна звярнуцца ў ТЦСАН, дзе камісійна будзе вырашана, аказваецца дапамога ці не. Акрамя таго, існуе магчымасць атрымання дзяржаўнай адраснай дапамогі са сродкаў раённага бюджэту, – патлумачыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень.
Галіна КАНЬКО.