Сапраўдныя профі ў следчай справе. Ляхавіцкі раённы аддзел Следчага камітэта па выніках работы за 2023 год прызнаны лепшым падраздзяленнем Брэстчыны

Ляхавіцкі раённы аддзел Следчага камітэта па выніках работы за 2023 год прызнаны лепшым падраздзяленнем Брэстчыны ў сваёй катэгорыі. Начальнік УСК па Брэсцкай вобласці Віктар Леган на аператыўнай нарадзе па выніках службовай дзейнасці за 2023 год
уручыў кіраўніку РАСК Аляксандру Траяноўскаму пераходны ганаровы спецыяльны знак «Лепшае следчае падраздзяленне».

Супрацоўнікі раённага аддзела СК пра перамогу гаварыць не любяць, адзначаюць, што проста выконваюць сваю работу. І, трэба адзначыць, робяць гэта якасна, што і пацвярджае сёлетняе лідарства.
За 2023 год ляхавіцкія следчыя завяршылі больш за 90 спраў, у тым ліку шэсць па цяжкіх злачынствах. Дзякуючы іх прафесійнай рабоце да адказнасці прыцягнуты 93 асобы, якія ўчынілі грамадска небяспечныя дзеянні. Прынятымі мерамі юрыдычным і фізічным асобам кампенсаваны прычыненыя злачынствамі страты на суму звыш 80 000 рублёў – 97,5 працэнта. Што важна – не дапушчана фактаў незаконнага прыцягнення грамадзян да крымінальнай адказнасці, незаконнага затрымання, накіравання крымінальных спраў для правядзення дадаткова папярэдняга расследавання.
– Калектыў Ляхавіцкага раённага аддзела Следчага камітэта – прафесіяналы высокага класа. Працуюць не на высокія паказчыкі, а на абарону правоў і інтарэсаў насельніцтва. Дзейнасць ляхавіцкіх следчых адрозніваецца высокай аператыўнасцю расследавання. Так, за 2023 год каля 60 працэнтаў крымінальных спраў завершаны ў тэрмін да аднаго месяца. І гэта высокі паказчык. Таксама ў калектыву РАСК і адна з самых высокіх сярод падобных аддзелаў
кампенсацыя страт, – падкрэслівае намеснік начальніка ўпраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Сяргей Гарошка.
Кожны супрацоўнік РАСК да сваёй справы адносіцца адказна і добрасумленна.
– Для нас няма цікавых і нецікавых, галоўных ці другасных спраў – усе важныя. Учынена злачынства – пацярпелі людзі, нанесены страты… Стаіць задача аператыўна раскрыць злачынства, даказаць па літары закону віну зламысніка нават пры недастатковай карціне ці адсутнасці сведкаў, – адзначае начальнік райаддзела СК Аляксандр Траяноўскі, які ўзначальвае падраздзяленне чацвёрты год.
Супрацоўнікі РАСК уваходзяць у склад аператыўна-следчых груп і гатовы выехаць на месца здарэння ў любы час сутак. Яны штодзень пацвярджаюць, што на іх можна спадзявацца. Работа следчых спалучае і разблытванне жыццёвых «крыжаванак», і карпатлівую работу з дакументамі, допыты, збор і праверку доказаў і многае іншае. Спакойных дзён у такой службе не бывае.
У любой сітуацыі граматна і дакладна выконваюць свае прафесійныя абавязкі вопытныя старшыя следчыя Міхаіл Ланкуць, Віталій Валошын і Аляксандр Еўхач. Намеснік начальніка РАСК Дзмітрый Гатоўчыц для калег – сапраўдны настаўнік, які не дасць разгубіцца ў прафесійнай дзейнасці. Вызначаюцца добрасумленнай і стараннай працай следчыя Дзмітрый Карлюк, Яўгеній Санюта і іншыя. З мінулага кастрычніка ў калектыве прадстаўніца слабага полу, але моцнага характару – малады следчы Наталля Карпухіна.
Надзейнасць следчага тылу забяспечваюць загадчык гаспадаркі Руслан Станкевіч і інспектар дакументацыйнага забеспячэння і справаводства Ала Данільчык.
А разам усе яны – дружная каманда, якой па сілах любыя задачы.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.