Калі будзе асфальтавы працяг. Ізноў тэма ўладкавання аўтамабільнай дарогі Н-2 Ганчары – Куршынавічы – Ганцавічы

За апошнія некалькі гадоў, напэўна, ні адна праблема, за вырашэннем якой жыхары нашага раёна звярталіся на гарачую лінію «ЛВ», не мела столькі паўтораў, як тэма ўладкавання аўтамабільнай дарогі Н-2 Ганчары – Куршынавічы – Ганцавічы. Былі калектыўныя звароты жыхароў вёсак Новыя і Старыя Буды, Куршынавічы, Гашчын, Стараселле, Хацяж і іншых населеных пунктаў у разнастайныя службы, да кіраўніцтва раёна, вобласці, дэпутатаў, пытанне ўздымалася на сходах грамадзян.

Летам 2023 года на ўчастку аўтадарогі Н-2 працягласцю 5,2 кіламетра ўладкаваны асфальт. Работы праводзіла ДРБУ-200 і ўсе выдаткаваныя сродкі асвоіла ў поўным аб’ёме. Аднак пакуль так і засталася без асфальту частка аўтадарогі ад Куршынавічаў да мяжы з Ганцавіцкім раёнам. Таму вяскоўцы зноў звярнуліся з калектыўнай просьбай у Ляхавіцкі райвыканкам. Яны скардзяцца, што ўказаны ўчастак дарогі знаходзіцца ў дрэнным стане, у сухое надвор’е пыл замінае руху аўтатранспарту і пакрывае дамы. Гравійнае пакрыццё няроўнае, нібы шыфер, праязджаючы транспарт псуецца, ствараюцца аварыйныя сітуацыі. Людзі цікавіліся, калі гэты ўчастак «апранецца» ў асфальт. Напрыканцы лістапада 2023 года ў райвыканкаме адказалі, што асфальтаванне ўчастка не ўяўляецца магчымым з-за адсутнасці фінансавання. А напачатку лютага 2024 года на калектыўны зварот прыйшоў яшчэ адзін адказ. У ім, у прыватнасці, сказана, што ў праграму работ па бягучым рамонце дарог на 2024 год запланавана ўладкаванне пакрыцця з эмульсійна-мінеральнай сумесі, так званага халоднага асфальту на ўчастку аўтадарогі ад Куршынавічаў да Новых Будаў. Пачаць рамонт плануецца ў ІІ-ІІІ квартале бягучага года, на гэта выдаткаваны сродкі з абласнога бюджэту.
Такі адказ вяскоўцаў не задаволіў. Яны не разумеюць, чаму замест поўнага асфальтавання дарогі Ганчары – Куршынавічы – Ганцавічы ўладкавана толькі частка аўтадарогі і плануецца яшчэ невялікі ўчастак. Менавіта такое пытанне ад імя землякоў прагучала на гарачай лініі «ЛВ» ад жыхаркі Новых Будаў. За больш поўнай інфармацыяй па азначанай тэме карэспандэнты раёнкі звярнуліся да намесніка старшыні райвыканкама Аляксея Галяка, які курыруе, у тым ліку, пытанні стану дарог раёна.
– Канешне, калі з’явіцца фінансавая магчымасць, работы па ўдасканаленні дарожнага пакрыцця дарогі Ганчары – Куршынавічы – Ганцавічы да мяжы з Ганцавіцкім раёнам будуць працягнуты, – расказаў Аляксей Галяк.
Галіна КАНЬКО.