Статус пацвердзіць дакумент. Званок на гарачую лінію «ЛВ» закрануў пытанне, што хвалюе многіх ляхавічан

Званок на гарачую лінію «ЛВ» закрануў пытанне, што хвалюе многіх ляхавічан, у прыватнасці, бацькоў школьнікаў. Ляхавічанка расказала, што іх сям’я, як і многія ў гімназіі, скарысталася прапановай Беларусбанка і аформіла для сына карту навучэнца.

Як тлумачыў спецыяліст банка, сярод функцый гэтай карты –
магчымасць выкарыстання яе замест даведкі пра статус навучэнца. А днямі сыну неабходна было праехаць з вуліцы Інтэрнацыянальнай да ДЮСШ, і яго з картай навучэнца не ўзялі ў гарадскі аўтобус – запатрабавалі папяровую даведку…
За тлумачэннямі раёнка звярнулася да начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Марыі Саракавік. Яна пацвердзіла, што супрацоўніцтва з Беларусбанкам па праекце «Карта навучэнца» развіваецца. Да яго актыўна далучыліся, у прыватнасці, вучні СШ № 1, гімназіі, Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча.
Марыя Саракавік расказала, што зараз праходзіць юрыдычную экспертызу ў галоўным упраўленні юстыцыі аблвыканкама рашэнне Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў, якім карта навучэнца будзе прызнана дакументам, што пацвярджае статус навучэнца нараўне з папяровай даведкай. Для ўступлення ў сілу дакумент пасля экспертызы павінен прайсці працэдуру афіцыйнага апублікавання.
– Чакаецца, што гэта адбудзецца ў бліжэйшы час. І мы шырока абвесцім пра гэта дзяцей і бацькоў, – адзначыла начальнік аддзела па адукацыі.
Яна падкрэсліла, што працэдура для ўсіх аднолькавая, і зараз у многіх раёнах Беларусі, у тым ліку Брэстчыны, праводзіцца такая работа.