На варце неба і бяспекі. Сярод прафесіяналаў, якія дастойна нясуць службу па абароне Айчыны, і ваеннаслужачыя батальёна кіравання 8-й радыётэхнічнай брыгады Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны

Беларуская армія здольна супрацьстаяць любым сучасным пагрозам, а яе афіцэры – апора бяспекі дзяржавы.

Сярод прафесіяналаў, якія дастойна нясуць службу па абароне Айчыны, і ваеннаслужачыя батальёна кіравання 8-й радыётэхнічнай брыгады Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны, які дыслацыруецца недалёка ад Ляхавічаў. Яны дэманструюць прафесійнае майстэрства падчас мерапрыемстваў па баявой падрыхтоўцы і разнапланавых вучэннях, падчас палявых выхадаў і г. д.
Афіцэры, прапаршчыкі, сяржанты і салдаты нацэлены на выкананне агульнай задачы – ахову паветраных межаў нашай краіны – і за выдатныя паказчыкі традыцыйна атрымліваюць шэраг падзяк.

Прыклад для калег і маладога папаўнення – начальнік камандна-тэхнічнага вузла батальёна кіравання маёр Міхаіл Каваленка, які ў арміі амаль 20 гадоў. Сярод яго абавязкаў – арганізацыя кругласутачнага баявога дзяжурства на камандным пункце брыгады.
Ён і яго падначаленыя 24 гадзіны сем дзён у тыдзень манітораць паветраную прастору краіны. Падрыхтоўка асабовага складу да баявога дзяжурства таксама сярод задач маёра Каваленкі. Яго прафесіяналізм даказаны армейскімі вучэннямі, у якіх ён бяззменна прымае ўдзел, і ацэнены на дзяржаўным узроўні. Да медаля «За бездакорную службу» ІІІ ступені нядаўна дабавіўся медаль ІІ ступені. Ганарыцца і нагрудным знакам «Выдатнік баявога дзяжурства», гадзіннікам ад міністра абароны і іншымі адзнакамі.
У падначаленні старшага лейтэнанта начальніка групы апрацоўкі інфармацыі камандна-тэхнічнага вузла Юрыя Цывінскага больш за тры дзясяткі салдатаў і кантрактнікаў, якія заступаюць на баявое дзяжурства па супрацьпаветранай абароне, ходзяць у нарады і г. д. Ён з тых, хто прайшоў шлях ад салдата тэрміновай службы да афіцэра, і лічыць, што служба ў арміі – ганаровы абавязак сапраўднага мужчыны, гатовага абараніць сваю краіну і сям’ю.
Імкнуцца не адстаць у прафесіяналізме ад старшых таварышаў і ваеннаслужачыя з меншым армейскім стажам. Інжынер комплексу сродкаў аўтаматызацыі Максім Валчкоў амаль тры гады назад размеркаваўся ў батальён кіравання пасля заканчэння Ваеннай акадэміі. Кіраўніцтва часці гаворыць пра яго, як пра сур’ёзнага і адказнага афіцэра. Добрых слоў за службу заслугоўвае вадзіцель-планшэтыст Даніла Абрамовіч. Калі вучыўся ў ляхавіцкай СШ № 1, з павагай ставіўся да ваенных, якія неаднаразова прыязджалі на сустрэчу са школьнікамі. Таму калі выпаў шанц стаць кантрактнікам, скарыстаўся ім і раіць іншым выбіраць прафесію ваеннага. Трэці год ляхавічанін заступае на баявыя дзяжурствы, кіруе магутным аўтамабілем «Урал» і ганарыцца, што знаходзіцца ў радах абаронцаў Айчыны. Мае і падзяку за ўдзел у ваенна-тактычных вучэннях.
У армейскім калектыве і каля 40 жанчын, якія нароўні з моцнай паловай чалавецтва спраўна нясуць службу. Сярод іх і начальнік аддзялення сувязі Таццяна Палуян. Ваенную форму яна апранула 13 гадоў назад, і сёння былы аграном не шкадуе пра аднойчы зроблены выбар. У Таццяны ўся сям’я ваенная: муж – падпалкоўнік у запасе, дачка – яфрэйтар, і яны паважаюць захопленасць свайго лейтэнанта справай і ганарацца яе поспехамі.
Агульнае месца працы і прафесійныя інтарэсы ў старшага лейтэнанта старшага інжынера комплексу сродкаў аўтаматызацыі Арцемія Кавалёва і яфрэйтара планшэтыста Дар’і Кавалёвай. Муж з жонкай хоць і маюць розную адукацыю (Арцемій
кадравы ваенны, а Дар’я настаўнік пачатковых класаў), але аб’яднала іх армія. І гэтым яны вельмі задаволены. Асабліва прыемна, калі
разам змяняюцца з сутак ці заступаюць на баявое дзяжурства.
У воінскай часці салдаты сёння нясуць службу у звычайным рэжыме і па зацверджаным статутам раскладзе. Усё сур’ёзна, строга і дакладна. Калі карэспандэнты «ЛВ» наведалі часць, то хтосьці з салдатаў знаходзіўся на баявым дзяжурстве ці быў у нарадзе, як, напрыклад, салдаты тэрміновай службы Сяргей Васіленка – выдатнік баявога дзяжурства, Усевалад Маркаў, Раман Бартулёў, Аляксандр Пікуль і іншыя. У сутачным нарадзе па ахове гаспадарчай тэрыторыі нёс службу электрык-дызеліст Мікіта Анікееў. Дзеліцца, што ў яго сям’і ўсе служылі. Не выключэннем стаў і ён. На КПП пільна правяралі дакументы ў карэспандэнтаў раёнкі кантрактнік Раман Масюк і салдат тэрміновай службы Павел Цуранкоў. Жыхар Рэчыцы Іван Святагор стаў у армейскі строй дзевяць месяцаў назад, а сёння ён малодшы сяржант і кіруе аддзяленнем.
Ваеннаслужачаму тэрміновай службы Даніле Фядосаву да «выпуску» засталося тры месяцы, і службу ў арміі ён успрымае як жыццёвы ўрок, з якім трэба справіцца як сапраўднаму мужчыне. Служба падабаецца, а складанасці, адзначае, загартоўваюць.
Ваеннаслужачыя дзеляцца, што армія навучыла адказнасці і ўпэўненасці у сваіх сілах, а набытая ваенна-ўліковая спецыяльнасць дае карысны вопыт.
Камандзір батальёна кіравання падпалкоўнік Дзмітрый Брадніцкі шэсць гадоў узначальвае немалы калектыў ваеннаслужачых, і аўтарытэт яго бясспрэчны. Пра сваіх падначаленых ён гаворыць як пра кампетэнтных спецыялістаў і дае высокую ацэнку маладому папаўненню, якое, па словах падпалкоўніка, служыць
з жаданнем. Напярэдадні 23 лютага Дзмітрый Брадніцкі віншуе ўсіх абаронцаў Айчыны са святам і жадае міру, здароўя і надзейнага тылу.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.