Энергетыка, якая натхняе. Сярод актывістак Беларускага саюза жанчын, якія адправіліся ў сталіцу на сустрэчу з Кіраўніком дзяржавы і святочны канцэрт, і прадстаўніцы Ляхавіцкага раёна

Больш за 75 жанчын з Брэсцкай вобласці прынялі ўдзел
ва ўрачыстым мерапрыемстве напярэдадні 8 Сакавіка ў горадзе Мінску.

Сярод актывістак Беларускага саюза жанчын, якія адправіліся ў сталіцу на сустрэчу з Кіраўніком дзяржавы і святочны канцэрт, – прадстаўніцы розных сфер дзейнасці: прамысловасці, аграпрамысловага комплексу, медыцыны, адукацыі, культуры і многія іншыя. У склад дэлегацыі ўвайшлі і прадстаўніцы Ляхавіцкага раёна. Усяго нас было 1 200 – такіх розных, але аб’яднаных агульнай актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, стваральнай мэтай мірнага і паспяховага развіцця нашай суверэннай і незалежнай Беларусі.
Мерапрыемства, арганізаванае напярэдадні вясновага жаночага свята, уразіла сваім маштабам і ўзроўнем падрыхтоўкі. Размова з Прэзідэнтам была адкрытай і шчырай, душэўнай і пазітыўнай. Яна закранула самыя важныя аспекты: ролю прыгожай паловы чалавецтва ў жыцці сучаснага грамадства і развіцці суверэннай Беларусі, дэмаграфічную бяспеку краіны. Поўнасцю падзяляю словы Кіраўніка дзяржавы, што жаночы рух у нашай краіне ўжо даўно стаў сілай, з якой нельга не лічыцца. Многія сотні гадоў жанчынам адводзілася адзіная роля – захоўваць дамашні ачаг, нараджаць і выхоўваць дзяцей. Але наш век кардынальна адрозніваецца ад папярэдніх не толькі з пункта погляду навуковага і тэхнічнага прагрэсу. Жанчына ў сучасным грамадстве – гэта не толькі жонка і маці, але і асоба са сваімі жаданнямі і патрэбнасцямі. Цяпер прадстаўніцы прыгожай паловы самі шукаюць сваё прызванне і могуць ставіць перад сабой абсалютна любыя мэты.
Сёння жанчына-лідар здольна кіраваць вялікімі калектывамі, вырашаць найскладанейшыя задачы ў арганізацыях і на прадпрыемствах, застаючыся пры гэтым захавальніцай дамашняга ачага, клапатлівай і любячай мамай, жонкай. Жанчыны Беларусі заўсёды былі і будуць за мір, стварэнне і добрыя справы.
Палітыка раўнапраўя і роўных магчымасцей для жанчын і мужчын, праводзімая ў Рэспубліцы Беларусь, прадугледжвае, у прыватнасці, парытэтны ўдзел жанчын і мужчын у прыняцці рашэнняў. Цяпер у вышэйшым заканадаўчым органе Рэспублікі Беларусь
трэць месцаў занята жанчынамі, жанчыны займаюць
пасады старшыняў пастаянных камісій верхняй і ніжняй палат Парламента Рэспублікі Беларусь.
У ходзе нефармальных зносін былі закрануты і сур’ёзныя сацыяльныя пытанні (работа дзіцячых садоў, сямейны капітал), і многія іншыя, што ўплываюць на самарэалізацыю жанчыны.
Мы ўсе пачулі не толькі мудрага палітыка, але і любячага бацьку і сына, надзейнага мужчыну і проста спагадлівага чалавека. Нязмушаная атмасфера спрыяла даверлівым шчырым зносінам.
Здароўе жанчыны – здароўе нацыі, прапаганда традыцыйных сямейных каштоўнасцей, выхаванне патрыятызму ў моладзі – гэта важныя напрамкі работы, якія, па меркаванні Аляксандра Рыгоравіча, павінны быць заўсёды пад кантролем у рабоце Бела-
рускага саюза жанчын. Асаблівую ўвагу Прэзідэнт удзяліў пытанню дэмаграфіі. «Нам вельмі патрэбна развярнуць гэту тэндэнцыю да нараджальнасці», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што аднаго дзіцяці ў сям’і, безумоўна, мала, і пажадана, каб іх было хаця б двое, а лепш – трое.
Натхняе і матывуе, калі першая асоба дзяржавы настолькі захапляецца жанчынамі, настолькі цэніць і паважае.
І ўсё гэта было літаральна ў кожнай фразе Прэзідэнта.
Мне здаецца, што кожная ўдзельніца сустрэчы на сабе адчула персанальную ўвагу Кіраўніка дзяржавы. Думаю, што жанчыны іншых дзяржаў могуць нам пазайздросціць. І галоўнае, усё
сказанае заўсёды ўвасабляецца ў рэальнасць. Гэта вельмі важна!
Ну што сказаць, жаночы Прэзідэнт, ён такі!!! І мы адказваем яму ўзаемнасцю. А мужчынам варта браць дастойны прыклад і зараджаць такой энергетыкай і падтрымкай
жанчын, якія побач.

Вольга БУРАК, начальнік аддзела ідэалагічнай работы
і па справах моладзі райвыканкама.