Карціна не алеем. Што выявілі супрацоўнікі райЦГіЭ ў Ляхавічах

На Ляхавіччыне працягваецца генеральнае прыбіранне. Зацікаўлена працуюць на агульную чысціню і спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Менавіта яны ацэньваюць санітарны стан тэрыторыі Ляхавіччыны.

1
2

Падчас адного з рэйдаў па Ляхавічах у раёне міждваровай забудовы па вуліцы Інтэрнацыянальнай (каля дома № 30) выяўлены ў нездавальняючым тэх-нічным і эстэтычным стане малыя архітэктурныя формы – драўляныя стол і лаўкі, гульнёвае абсталяванне (фота 2). Адказнасць за добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый нясе КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».
– Усе такія аб’екты ў дварах шматкватэрнікаў у райцэнтры ўжо сёння прыводзім у належны стан. Дзе трэба – рамантуем, іншыя фарбуем. Каб было бяспечна, зручна, ды і выглядала добра, – запэўніў начальнік участка «Добраўпарадкаванне» Ляхавіцкай ЖКГ Уладзімір Несцяровіч. Днямі, напрыклад, у парку па Дзесюкевіча ўладкавана новая танцпляцоўка і сцэна, пакладзены дарожкі. Будуць адрамантаваны і арэлі каля дома № 35 па вуліцы Інтэрнацыянальнай.
Супрацоўнікі райЦГіЭ заклапочаны і ўтварэннем часовых стыхійных сметнікаў, аўтарамі якіх становяцца нядобрасумленныя гараджане. Камунальнікам даводзіцца пастаянна ліквідаваць такія брудныя плямы. Праблема ў тым, дзеліцца памочнік урача-гігіеніста камунальнай гігіены Дана Багдановіч, што пасля прыбірання праз час смецце зноў з’яўляецца ў тым жа месцы. Непрывабную карціну, напрыклад, нядаўна райЦГіЭ назіраў каля цеплатрасы па вуліцы Чкалава ў райцэнтры (фота 1).
Праблемны адрас і ў раёне гаражнага масіву і кааператыва па вуліцы Чкалава. Камунальнікі, канешне, ліквідуюць такія непрыгожыя сюрпрызы ад насельніцтва. Але хацелася б, каб кожны гараджанін быў гаспадаром у родным горадзе і ставіўся да парадку на вуліцах, як да чысціні ў сваім доме.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

АНАТОМІЯ ПРАБЛЕМЫ