Свята першага снапа


Пасля падзей мінулай пятніцы можна гаварыць, што Ляхавіччына ўступіла ў жніво-2010.
У той ці іншай ступені і ў пэўным фармаце ўборачныя работы ў гаспадарках раёна вяліся і да таго — ужо з тыдзень, аднак, афіцыйны старт хлебаўборачнай кампаніі быў дадзены менавіта гарачым поўднем 16 ліпеня, калі на важкім жытнёвым палетку СВК «Шлях новы» адбылося свята першага снапа «Зажынкі-2010».
«Якія зажынкі, такія і дажынкі», — кажуць у народзе. І калі верыць гэтай формуле, — спадзявацца нам ёсць на што. Зажынкі атрымаліся вельмі абаяльнымі, прайшлі прыгожа і ў адпаведнасці з даўнім сялянскім «рэцэптам», з захаваннем традыцый. Бадай, традыцыя ўжо і ў тым, што галоўным — «штатным» — зажынальнікам ў раёне з’яўляецца фальклорна-этнаграфічны калектыў «Сяброўкі» Жарабковіцкага сельскага Дома культуры.
«Ідзіце, мы шлях вам праложым,
Ідзіце, працуйце камбайны,
Ідзіце, збярыце нам збожжа,
Усё да зерня, усё да былінкі.
А мы праспяваем вам песню
Пра новыя нашы зажынкі».

Права зажынаць — ганаровае і адказнае — атрымліваюць старэйшыя, самыя паважаныя і спрактыкаваныя да сярпа зажынальшчыцы Валянціна Ганчарык, Валянціна Ждановіч і Алена Таранда: «У іх ніўка ўрадлівая і ручкі шчаслівыя». Сапраўды, з дакладным і хуткім спрытам, не без артыстызму з-пад гэтых умелых рук выхо-дзяць свежазжатыя снапы-прыгажуны новага хлеба. У кветкавым аздабленні яны ўручаюцца «гаспадарам»: раёна — Дзмітрыю Бурдуку і СВК «Шлях новы» — Аляксандру Вашчуку.
«Сёння на ляхавіцкай зямлі самы ўрачысты і самы адказны момант — пачатак уборкі хлеба, — адзначыў, звяртаючыся да хлебаробаў і ўсіх, каго сабрала зажыначнае поле, старшыня райвыканкама. — Гэты час заўсёды ў сялян быў самым значным перыядам. Паспяховасць усяго года ў многім залежыць ад таго, наколькі якасна хлебароб спрацуе зараз.» Дзмітрый Бурдук павіншаваў усіх з пачаткам уборачнай кампаніі, пажадаў высокіх ураджаяў: «Не дзеля лічбы, а каб гэты ўраджай прынёс усім нам радасць, добры прыбытак, высокую рэнтабельнасць. Знакі павагі з боку вобласці а, магчыма, і з боку рэспублікі. А ляхавіцкая зямля заўжды была шчодрай і на ўраджай багатай…».
На святую справу, а ніякага сумнення, што ўборка збожжа іменна такой і з’яўляецца, хлебаробаў блаславіў і правёў малебен протаіерэй Георгій Жытко — благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі. Адбылося асвячэнне ўдзельнікаў «Зажынак-2010», хлебнай нівы і тэхнікі, што ўсе бліжэйшыя тыдні будзе шчыраваць на ёй, збіраць вырашчаны плод цяжкай працы хлебаробскай.
Для гаспадаркі, што прыняла сёлета раённы зажыначны фэст, уборачны сезон стартаваў 12 ліпеня. На віншаванні з нагоды свята «Зажынак» галоўны аграном СВК «Шлях новы» Віктар Канецпольскі так і адказаў: «Я ужо з 12-га святкую». Пачалі з рапсу, якога тут 185 гектараў у агульнай колькасці. У тым ліку і 145 азімых гектараў, што першымі і трапілі пад нож камбайнаў. Статыстыка ад 20 ліпеня сведчыць — 135 з іх гаспадарка ўжо ўбрала і нядрэнна пры тым атрымала. У сярэднім кожны ўбраны рапсавы гектар СВК «Шлях новы» даў больш за 29 цэнтнераў насення. Пакуль гэта абсалютна лепшы паказчык сярод сельгаспрадпрыемстваў Ляхавіччыны, ён жа амаль удвая перавышае аналагічны сярэднераённы.
Акрамя таго ўборачны «баланс» «Шляху новага» дапаўняюць, у прыватнасці, 120 гектараў ільну і 1550 зерневых і зернебабовых гектараў. Зрэшты, прыкладна дзесятая частка азначанай плошчы таксама ўжо ўбрана. Нядрэнным здаецца і намалот, што складае амаль 40 цэнтнераў на круг.

«Асвечаны» — літаральна — для уборкі камбайнавы парк гаспадаркі складаецца з 9 рознавартасных агрэгатаў: «ДОНы», «Ліда», рознамадыфікаваныя «КЗС» і, у якасці рэзерву асноўных сіл, «КЗР-10». Цікаўныя могуць з лёгкасцю падлічыць сезонную нагрузку на кожную зернеўборачную машыну: лічба атрымліваецца сур’ёзная, аднак жа, і пад’ёмная. З такімі працаўнікамі, як у «Шляху новым».
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *