На адлегласці ад цывілізацыі

Нарэшце, лета. Нарэшце, адпачываем. На жаль, наш адпачынак далёка не заўсёды выглядае цывілізаваным і тым больш з’яўляецца такім. Хутчэй наадварот: мы прывыклі адпачываць, дзе нам зручна (а часцей – дзе бліжэй ад дома і да вады) і як нам зручна (чамусьці часцяком – са шкодай для наваколля і прыроды). Апошняе яскрава пацвердзіў нядаўні сумесны рэйд “ЛВ” і райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Узбярэжжа вадасховішча Мінічы, на якім размешчаны будынак старой помпавай станцыі, – адно з месцаў, упадабаных гараджанамі (ды і не толькі) для адпачынку. Менавіта яго наступствы кідаюцца ў вочы адразу, як толькі праходзіць першае захапленне ад мясцовых краявідаў.
Нехта разабраў драўляны масток, мяркуючы па ўсім, на дровы для кастра. Дарэчы, з выбарам месца для развядзення агню адпачываючыя, як бачна, не цырымоняцца: на беразе супрацоўнікі прыродаахоўнай службы раёна налічылі 9 кастрышчаў – уся зямля нібы ў апёках. Такі ж малюнак давялося назіраць і на іншым беразе гэтага вадасхо-вішча – ля дзота. Тут жа – перапоўненыя кантэйнеры для збору смецця, акружаныя поліэтыленавымі пакетамі з адходамі (пераважна пасля застолля) і пустымі пластыкавымі бутэлькамі. Раённая арганізацыя Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, на чыёй тэрыторыі размешчаны гэтыя месцы адпачынку, смецце своечасова не вывезла, а адпачываючыя не палічылі патрэбным забраць яго з сабой. Праўда, давялося назіраць і адзін паўпусты кантэйнер – сплюшчаны кімсьці не зразумела з якой мэтай, ён проста не мог паўнацэнна выконваць свае функцыі. З “бонусаў”, пакінутых адпачываючымі, нельга не прыгадаць кучы зрэзанага арэшніку – хтосьці спрабаваў зрабіць шалаш, хтосьці – устанавіць палатку…
Асобная размова – аўтамабілі ля вадаёмаў. Часам даводзіцца назіраць, як некаторыя адпачываючыя пад’язджаюць на машынах ледзь не пад самую ваду. “Грашаць” гэтым і рыбакі. За вясенне-летні сезон толькі супрацоўнікі інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя склалі на аўтааматараў-парушальнікаў 22 пратаколы аб адмі-ністрацыйнай адказнасці.
Згаданыя вышэй месцы адпачынку хоць і папулярныя ў наро- дзе, але ў лік афіцыйна вызначаных для гэтых мэт не ўключаны. У пералік апошніх, згодна рашэння райвыканкама, увайшлі толькі 3 месцы: зоны адпачынку на рацэ Ведзьма ў райцэнтры, на рацэ Шчара ў Дараве і ў аздараўленчым лагеры “Чайка”. Што датычыць апошняй, то яна прызначана выключна для адпачынку рабят, што аздараўліваюцца ў лагеры, і за парадкам на ёй сочыць аддзел адукацыі. Дзве ж іншыя – на балансе КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”.
Для камунгаса зоны адпачынку – зона адказнасці, аб’екты сур’ёзнага прыкладання намаганняў. І намаганні, нельга не адзначыць, відавочныя. На пляжах устаноўлены неабходныя так званыя малыя архітэктурныя формы (раздзявальні, ценевыя навесы і г.д.), кантэйнеры для смецця, у райцэнтры абсталяваны валейбольная і футбольная пляцоўкі, пясочніцы, вышка. Сёлета, напрыклад, уладкаваны дадатковы ценевы навес на пляжы ў райцэнтры. Тэрыторыі пастаянна абкошваюцца, падсыпаюцца пяском, ачышчаюцца ад кустоўя і прыбіраюцца: у горадзе, як адзначыў намеснік дырэктара КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Мікалай Кендыш, – штораніцу, у Дараве – праз дзень. Займаюцца гэтым майстар і рабочы з брыгады “Добраўпарадкаванне”. На падрыхтоўку і цякучае ўтрыманне зон адпачынку, па словах Мікалая Кендыша, з пачатку года, пайшло ўжо каля 4,5 мільёна рублёў.
Натуральна, што чысты з раніцы пляж да вечара можа набыць не зусім прывабны выгляд. Асабліва гэтая праблема актуальная для зоны адпачынку на Шчары. Там у выхадныя (ды і па будных спякотных вечарах) яблыку няма дзе ўпасці паміж адпачываючымі – пераважна жыхарамі суседніх Баранавічаў. “З тэрыторый, урн для смецця, раздзявальняў пасля выхадных збіраем па 6-8 мяшкоў смецця, у Дараве ж – значна больш,” – расказвае Мікалай Кендыш. Што і казаць: людзі часта забываюць народную мудрасць: чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць.
Ёсць яшчэ адно надзвычай важкае “але”: з пачаткам ліпеня ўжо каторы год запар абедзве зоны адпачынку застаюцца толькі пляжамі – без акваторыі. Вада нікуды не знікае, але купацца ў тутэйшых вадаёмах становіцца небяспечна для здароўя, і санітарная служба выносіць прадпісанні аб забароне купання. Як паведаміла памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ Данута Багдановіч, па апошніх даных даследаванняў утрыманне кішэчнай палачкі ў вадзе на зоне адпачынку ў Ляхавічах перавышае дазволеную больш як у 9 разоў, а ў Дараве і наогул – больш як у 20 разоў. Па меркаванні прадстаўніка санітарнай службы, вінаваты ў гэтым дажджы, якія змываюць з берага ў рэчку ўсё, што толькі можна, а таксама спякота. “Нельга выключаць з разліку і чалавечы фактар, – сцвярджае Данута Багдановіч: – І кідаюць у ваду ўсё, што становіцца непатрэбным на беразе. Ды і, прабачце, замест туалета могуць выкарыстаць рэчку. Хаця прыбіральні ўстаноўлены камунальнікамі на абедзвюх зонах адпачынку. Іншая справа, што ў Дараве, напрыклад, нехта знёс на адной з іх дзверы. За санітарным станам гэтых “стратэгічных” аб’ектаў мы сочым рэгулярна, у выпадку неабходнасці патрабуем ад камунгаса ўхіліць непарадак”.
Шыльды з надпісам “Купанне забаронена” устаноўлены на тэрыторыі зон адпачынку і ў Ляхавічах, і ў Дараве. Вось толькі ў спякотныя дні яны мала каго спыняюць. Народ прагне вады! І сапраўднага адпачынку. Каб і далей ад цывілізацыі (машын, тэле-візараў, вентылятараў і кандыцыянераў, любімай работы…) і бліжэй да яе – ў чысціні і парадку, з наборам больш чым мінімальных зручнасцяў (не толькі чыстай вады ў рацэ, але і марожанага, квасу ці мінералкі і іншай пляжнай драбязы дзесьці побач). Разумею, што мы не ў Турцыі і нават не на Свіцязі. Але, у рэшце рэшт, чым мы горшыя за тамашніх адпачываючых?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *