Ліст з 2025-га ў 1945-ы. «ЛВ» і райкам КПБ напярэдадні юбілею Вялікай Перамогі яшчэ раз пераглядзелі каштоўны і шчымлівы архіў акцыі «Пісьмо ветэрану»
Лісты, напісаныя праўнукамі і прапраўнукамі знаёмым і незнаёмым героям Вялікай Айчыннай вайны і старанна складзеныя ў ваенны трохвугольнік, не могуць пакінуць раўнадушным. «ЛВ» і райкам КПБ напярэдадні юбілею Вялікай Перамогі яшчэ раз пераглядзелі каштоўны і шчымлівы архіў акцыі «Пісьмо ветэрану».

Юдзенка Сяргею Аляксандравічу.
Дарагі прадзядуля Сяргей! Ты мяне ніколі не бачыў, а я шмат чула пра цябе. Пра тое, што ты пайшоў ваяваць, калі табе не споўнілася і 18 гадоў, мне расказвала мая бабуля. Ты сапраўдны герой!
Я ведаю, што ты быў сапёрам і нават камандаваў узводам мінёраў. Гэта было вельмі небяспечна.
Ты прайшоў з Чырвонай Арміяй ад Беларусі да Германіі, чатыры разы быў паранены. За гады вайны ты быў узнагароджаны шасцю медалямі і чатырма ордэнамі. Перад самай Перамогай ты атрымаў цяжкае раненне ў галаву і страціў вока, а асколак ад міны так і застаўся ў тваёй галаве…
Дзякуй табе, мой дарагі прадзядуля, за тое, што мы жывём пад мірным небам. Гэта твой падарунак мне і ўсім людзям. Я цябе вельмі люблю і ганаруся табой!
Твая праўнучка Даша.
Ад усяго свайго маленькага сэрца хачу падзякаваць паважаным ветэранам за наша мірнае жыццё. За тое, што мы не чуем і не ведаем выбухаў снарадаў і жахаў вайны. Цаной свайго жыцця вы здабывалі для сваіх нашчадкаў светлую і шчаслівую будучыню. Дзякуючы вам і вашым подзвігам перад намі адкрыта шмат магчымасцей.
Мы будзем помніць вас і ваш подзвіг, будзем моцна любіць Беларусь, шанаваць традыцыі. У нашых сэрцах заўсёды будуць жыць памяць і ўдзячнасць!
Ганна Кендыш, вучаніца Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча.

