Наша лепшае! 35-я Міжнародная выстава «Белагра» – гэта дэманстрацыя вытворчага патэнцыялу нашых сельгасвытворцаў і перапрацоўшчыкаў

Нядаўна адкрыты Мінскі міжнародны выставачны цэнтр на пяць дзён ператварыўся ў цэнтр сельскагаспадарчага жыцця краіны. Флагманы беларускай прамысловасці, прагрэсіўныя тэхналогіі, усемагчымыя выстаўкі, дэгустацыі, прэзентацыі – тут усё наша лепшае!

35-я Міжнародная выстава «Белагра» – гэта дэманстрацыя вытворчага патэнцыялу нашых сельгасвытворцаў і перапрацоўшчыкаў
і сур’ёзная пляцоўка для дзелавых перагавораў.
А для ўсіх беларусаў і гасцей краіны – цудоўная магчымасць убачыць нашы дасягненні, ацаніць нашу лепшую прадукцыю, яшчэ адна важкая нагода для гонару за сваё, беларускае.

Навейшыя і самыя папулярныя мадэлі сельгастэхнікі, інавацыйныя распрацоўкі і тэхналогіі, прэм’ерныя віды ўдабрэнняў і ветпрэпаратаў, выстава сельгасжывёлы, навінкі ад вядучых беларускіх прадпрыемстваў, маштабная дэгустацыя – гэта і многае іншае – 35-я Міжнародная спецыялізаваная выстава «Белагра-2025». Яна стартавала ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры ў межах Беларускага аграпрамысловага тыдня і аб’яднала шматлікія дасягненні беларусаў.

У юбілейным форуме прымаюць удзел больш за паўтысячы кампаній з 14 краін, а экспазіцыю фарміруюць звыш пяці сотняў адзінак тэхнікі і абсталявання. Агульная плошча выставы перавышае 38 тысяч квадратных метраў. «Белагра» наведалі больш як
20 афіцыйных дэлегацый, у тым ліку ўпершыню – госці з Ганы, Зімбабве, Мазамбіка, Рэспублікі Сербскай, Босніі і Герцагавіны і іншых краін.
Па традыцыі на «Белагра» шырока прадстаўлены Першы рэгіён і вядучыя прадпрыемствы Брэстчыны. Сярод іх і ляхавіцкія вытворцы: ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод», СААТ «Ляхавіцкі малочны завод»,
ААТ «Жарабковічы».
У дзень адкрыцця спецыялізаванай выставы віцэ-прэм’ер Юрый Шулейка і старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык наведалі пляцоўку калектыўнага стэнда канцэрна «Брэстмясамалпрам», дзе сваю прадукцыю прэзентавалі нашы кансервавы і малочны заводы.
Ляхавіцкаму малочнаму заводу ёсць чым пахваліцца і што паказаць ганаровым гасцям. На вітрынах – тварожныя дэсерты з рознымі смакамі, тварог 15-працэнтнай тлустасці, смятана і іншае – усё смачнае і якаснае!
Высокія ацэнкі і водгукі за сваю прадукцыю атрымаў Ляхавіцкі кансервавы завод, які прадставіў соус агароднінны «Рыжык» для дзіцячага харчавання (з маркоўным пюрэ), фруктовы дэсерт «Космас» (з аўсянымі шматкамі, ягадамі чарніц і яблыкамі), салат «Агуркі пікулі», суп са спаржы, бярозавы сок.


ААТ «Жарабковічы» штогод атрымлівае запрашэнне для ўдзелу ў «Белагра», і сёлета яго павільён стаў папулярнай фотапляцоўкай для шматлікіх наведвальнікаў спецыялізаванай выставы. Сельгаспрадпрыемства прывезла на агледзіны двух бараноў парод прэкас і мерыналандшаф, з якімі спяшаюцца зрабіць сэлфі і дарослыя, і дзеці. Жарабковіцкія бараны прыцягваюць увагу сваёй дагле-джанасцю. Начальнік авечкафермы Таццяна Касмовіч расказвае, што госці з Узбекістана цікавіліся набыццём такіх цудоўных экспанатаў, якія сярод сваіх «калег» выдзяляюцца памерам.
Фінішуе выстава 7 чэрвеня. Сёння яшчэ можна натхніцца святочна-смачнай атмасферай і эксклюзіўнымі экспанатамі «Белагра».

Наталля ПЕРАПЕЧКА.