Як гумінавы прэпарат прывёў да перамогі. Ляхавічане сталі пераможцамі у абласным этапе рэспубліканскага юніёрскага конкурсу «Квітней, мой лес»
Даследаванне адзінаццацікласніка Тухавіцкай СШ Дзяніса Рымшы стала лепшым у абласным этапе рэспубліканскага юніёрскага конкурсу «Квітней, мой лес» у намінацыі «ўстойлівае лесакіраванне». «Экалагічнае абгрунтаванне прымянення ўдабрэння «Гумат Рост» для аптымізацыі ўмоў росту і развіцця сеянцаў дуба чарэшчатага» – так называецца праект старшакласніка, над якім ён працаваў разам з настаўніцай Аленай Пятліцкай.
І гэта іх другая перамога. Летась яны працавалі над турыстычнымі маршрутамі на тэрыторыі Востраўскага лясніцтва.

Да правядзення новага даследавання падштурхнула школьная экскурсія на Ляхавіцкі торфабрыкетны завод, дзе навучэнцам расказалі пра ўдабрэнне «Гумат Рост», якое выпускае прадпрыемства. Навучэнцы даведаліся пра прымяненне гумінавага прэпарата ў сельскай гаспадарцы. Дзяніс разам з Аленай Міхайлаўнай зацікавіліся навінкай і вырашылі вопытным шляхам вызначыць яе біялагічную эфектыўнасць і ўздзеянне на развіццё раслін. Аб’ектам дасле-давання выбралі сеянцы дуба чарэшчатага. Парасткі вырошчвалі з жалудоў. Адныя палівалі растворам гумату, другія – апырсквалі, а трэцім даставалася вада без дабавак. У выніку даследавання выяўлена, што паліў растворам гумінавых кіслот паскарае развіццё расліны, павышае ўстойлівасць да хвароб і г. д.
Цяпер ужо выпускнік Тухавіцкай СШ Дзяніс Рымша прадставіць сваю работу і на рэспубліканскім этапе конкурсу.
Сярод пераможцаў абласнога этапу конкурсу «Квітней, мой лес» – і дзевяцікласніца Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча Ульяна Мельнікава, праект якой у намінацыі «экалогія лясных раслін» заваяваў трэцяе месца. Ульяна і настаўнік Наталля Філіповіч даследавалі распаўсюджанне амялы белай на тэрыторыі Крывошынскага лясніцтва.
Намеснік кіраўніка па ідэалагіч-най рабоце Ляхавіцкага лясгаса Наталля Адаменка падзякавала навучэнцам і іх педагогам за плённую працу і ўручыла падарункі.
Дарэчы, ляхавіцкая моладзь вызначаецца і ў акцыях, якія праходзяць пад эгідай Міністэрства лясной гаспадаркі. Актыўна і адказна падышлі да ўдзелу ў акцыях «Дай лесу новае жыццё!» і «Лес! Дабро! Парадак!» навучэнцы Ляхавіцкага аграрнага каледжа. Разам з лесаводамі яны займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі каля Кургана вечнай Славы і крыніцы ў лясным масіве каля Смаленікоў, высаджвалі туі і лясныя культуры. Уклад каляджан у агульную справу выглядае важка: пасадка лесу і дапаўненні зроблены на плошчы 16 гектараў, а аб’ём сабранага смецця склаў больш за кубаметр. Супрацоўніцтва Ляхавіцкага аграрнага каледжа і лясгаса прадоўжыцца і далей, тым больш з новага навучальнага года ва ўстанове адукацыі пачнуць рыхтаваць тэхнікаў лясной гаспадаркі.
Па выніках лясных акцый
СШ № 1 атрымала падзяку лясгаса як самая актыўная школа, а самы актыўны клас – 10 «А» СШ № 2 (класны кіраўнік Таццяна Місюк). Днямі дзесяцікласнікі пабывалі на заахвочвальнай экскурсіі на экалагічнай сцежцы «Тхароўка» ў Баранавіцкім лясгасе.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.



