Сын за бацьку

Калі паклічаш ”Сяргей Сяргеевіч!”, — абарочваюцца абодва. Бацька і сын вельмі падобныя паміж сабой, ды яшчэ і поўныя цёзкі. Але самае галоўнае, што малодшы Сяргей гэтакі ж працавіты, як і яго бацька. Толькі падрос — стаў прасіцца памочнікам на камбайн. “Няхай ведае, як хлеб здабываецца”,— вырашыў старэйшы, і пачалася хлебаробская біяграфія сына. Да арміі адпрацаваў у бацькавых памочніках 5 сезонаў. А калі пайшоў на службу, яго замяніла… сястра Таццяна. Няхай сабе жартуюць скептыкі, а дзяўчына справілася з работай, тым больш пад такім клапатлівым кіраўніцтвам.
Пасля службы Сяргей вярнуўся ў родны сельгаскааператыў, набыў яшчэ некалькі прафесій: атрымаў права ваджэння аўтамабілем, трактарам і асвоіў прафесію аператара машыннага даення. На Русінавіцкай малочнатаварнай ферме ён значыцца ў ліку перадавікоў. А летам, нязменна, разам з бацькам яны – экіпаж. Сямейны. Перадавы. Сёлета ўжо намалацілі за 1080 тон зерня.
У сям’і Асланянаў мужчыны ў пашане і вельмі радуюцца, што ёсць іх працяг – падрастае ўнук і сын, а неўзабаве чакаецца прыбаўленне… У прыгожым катэджы ў Гаслаўшчыне пасялілася сям’я Сяргея Асланяна-малодшага – працавітая і шчаслівая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *