Каб світанкі заўжды былі мірныя. ў Ляхавіцкім раёне раскінуўся палатачны маладзёжны лагер

У 2021 годзе напярэдадні сумнай даты – 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны на Кургане вечнай Славы ў Ляхавіцкім раёне ўпершыню раскінуўся палатачны маладзёжны лагер. Юнакі і дзяўчаты сабраліся тут, каб ушанаваць памяць салдатаў, якія адстаялі свабоду і незалежнасць краіны. З таго часу сустрэчы сталі традыцыяй.

Вось і сёлета на апаленым вайной месцы ў межах святкавання 80-годдзя Вялікай Перамогі зноў сабраліся маладыя патрыёты-беларусы – юнакі і дзяўчаты з Брэсцкага і Мінскага абласных кадэцкіх вучылішчаў, навучэнцы СШ № 2 – удзельнікі ваенна-патрыятычнага клуба «Фарпост», іх педагогі – удзельнікі гісторыка-патрыятычнай акцыі «Нашу памяць не сатруць гады».
–Упэўнены, што рабяты, якія з дзяцінства выхоўваюцца патрыётамі, і праз гады, стаўшы дарослымі, будуць памятаць, што гісторыя Вялікай Айчыннай вайны – гэта гісторыя мужнасці і непераможнасці, веры і надзеі, адзінства і няскоранасці. А мы, беларусы, – нацыя, якая ганарыцца і беражэ сваё мінулае і ўпэўнена крочыць у будучыню. Выдатна, што такія сустрэчы ў памятныя для краіны чэрвеньскія дні сталі добрай традыцыяй, – адзначае кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні СШ № 2 Віталій Толкач.
– Мы даўно і плённа супрацоў-нічаем і сябруем з Брэсцкім кадэцкім вучылішчам. Удзячны кіраўніцтву Ляхавіцкага райвыканкама за магчымасць менавіта на гэтым месцы, дзе ў чэрвені 1941 года ішлі цяжкія баі, пяты год запар арганізоўваць патрыятычны лагер. Неабходна прыкласці ўсе намаганні, каб падрас-таючае пакаленне больш актыўна і ініцыятыўна ўключалася ў грамадскае жыццё. Вырашаем і яшчэ адну пастаўленую мэту – захаванне гістарычнай памяці. Заўжды запрашаем на мітынг, які праводзім у
4 гадзіны раніцы 22 чэрвеня, ветэранаў Узброеных Сіл і сённяшніх абаронцаў Айчыны, бо вельмі важная пераемнасць пакаленняў. Уражаны тым, як з кожным годам Курган вечнай Славы усё больш уладкоўваецца, набывае новыя абрысы, – адзначае дырэктар
Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча Сяргей Мяцельскі.
– Важна, каб рабяты цікавіліся гісторыяй сваёй краіны, свайго народа, каб з інтарэсам звярталіся да тэмы Вялікай Айчынай вайны. Важны момант: на мітынг прыехалі нават некаторыя родныя і блізкія кадэтаў, каб разам ушанаваць памяць пра вайну. Нашы кадэты – актыўныя ва ўсім, таму не ўпусцілі магчымасць паўдзельнічаць у такой акцыі. Да таго ж гэта адпачынак на свежым паветры. Такія лагерныя зборы – яшчэ і выдатная магчымасць правядзення прафарыентацыйнай работы. Многія з кадэтаў выберуць прафесію Радзіму абараняць, стаяць на варце правоў землякоў –
будуць ваеннымі, міліцыянерамі, выратавальнікамі. Цікавыя і сустрэчы з ваеннаслужачымі 8-й радыётэхнічнай брыгады – нашымі шэфамі, – расказвае дырэктар Брэсцкага абласнога кадэцкага вучылішча Аляксандр Калько.
Трохдзённая праграма патрыятычна-турыстычнага злёту была насычанай і змястоўнай. Дружна разбівалі палатачны лагер, паспелі пазнаёміцца, пасябраваць. Вечарам першага дня гучалі ўзнёслыя мелодыі ваенна-патрыя-тычных песень, якія рабяты спявалі разам каля кастра дружбы. Яркія эмоцыі атрымалі падчас спартыўных і турыстычных спаборніцтваў, ваенна-прыкладных эстафет, конкурсаў, калі ўдзельнікі каманд дэманстравалі спрыт, сілу, вытрымку і ўзаемадапамогу.
А якую смакату гатавалі на ваенна-палявой кухні!
І абавязкова на світанні 22 чэрвеня роўна ў 4 гадзіны ўдзельнікі патрыятычна-турыстычнага лагера прымаюць удзел у памятнай акцыі, прысвечанай пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
23 чэрвеня ўдзельнікі палатачнага лагера развітваліся, каб праз год
сустрэцца зноў.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Багдана ВІННІК (Брэсцкае абласное кадэцкае вучылішча):
– Я сама з аграгарадка Мірны Баранавіцкага раёна. Прыязджаю сюды трэці раз. У захапленні ад усяго – гераічнага месца, выдатных умоў. Атрымліваю непаўторныя эмоцыі. Гэта мноства новых цікавых знаёмстваў. Тут няма ніводнай вольнай хвіліны – і гэта здорава! Шкада, што ў наступным годзе не траплю сюды, бо буду паступаць пасля заканчэння вучылішча.

Валерыя ПРУДНІКАВА (Мінскае абласное кадэцкае вучылішча):
– Мне надзвычай пашанцавала паўдзельнічаць у акцыі, гэта мая першая такая вандроўка. Рада, што пачала канікулы менавіта з такога адпачынку. Мне падабаецца ўсё: ад конкурсаў, страў з ваенна-палявой кухні да знаёмстваў з рабятамі з іншых рэгіёнаў. Напрыклад, я з Чэрвеня. Вырашыла паспрабаваць свае сілы, вытрымку. Ведаю па кнігах і фільмах, колькі гора прынесла вайна людзям. І невядома, што было б з краінай, калі б савецкі народ не выстаяў супраць фашызму. Наш абавязак зберагчы памяць пра мужных салдатаў-вызваліцеляў і перадаць яе наступным пакаленням. Мітынг, які прайшоў у 4 гадзіны раніцы, не забуду ніколі. Гэта непаўторныя эмоцыі, сэрца сапраўды трапятала. Было нават страшна ад усведамлення таго, што вайна можа так нечакана, так жорстка ўварвацца ў мірнае жыццё.

Арсеній ЛАМАНОС (СШ № 2, ваенна-патрыятычны клуб «Фарпост»):
– Мне падабаецца такім чынам праводзіць вольны час – цікава, захапляльна і змястоўна. Побач не толькі рабяты, якіх ведаю даўно, але і шмат новых знаёмых. А яшчэ мне цікава пачуць расказ пра падзеі, што адбываліся на Ляхавіччыне ў гады вайны, – гэта гісторыя маёй краіны. Калі ўдзельнічаў на досвітку ў мітынгу, нібы адчуваў тую жудасную атмасферу пачатку вайны. Ні ў якім разе нельга дапусціць яе зноў. Мір трэба берагчы.