Далікатная тэма, якая не дазваляе цярпець. Карэспандэнт «ЛВ» высветляў нюансы функцыянавання грамадскіх прыбіральняў у Ляхавічах

На гарачую лінію «ЛВ» патэлефанаваў мужчына з нараканнямі на нездавальняючы стан сантэхнічнага абсталявання ў туалеце на аўтастанцыі ў Ляхавічах. Таксама ён выказаў незадаволенасць, што яго не пусцілі ў кабінку для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Маўляў, там лепшыя ўмовы.

Карэспандэнт «ЛВ» вырашыў не толькі пабываць па адрасе праблемы, але і высветліць розныя іншыя нюансы далікатнага пытання наконт функцыянавання грамадскіх прыбіральняў у райцэнтры.
Стандартна і зразумела размяшчэнне туалета на аўтастанцыі. Ім карыстаюцца не толькі пасажыры аўтобусаў, але і наведвальнікі рынка і іншыя. Відавочна, аб’ект запатрабаваны. Санітарны пакой размешчаны за галоўным будынкам аўтастанцыі і пазначаны адпаведнай шыльдай. Унутры памяшкання тэрыторыя падзелена на жаночую і мужчынскую, дзе маюцца па некалькі кабінак. У жаночай частцы з чатырох кабінак адна зараз зачынена. Начальнік аб’яднанага аўтавакзала «АВ Баранавічы, АС Ляхавічы» Ігар Чылік патлумачыў, што там ідзе замена абсталявання. Нідзе няма разбітай сантэхнікі, як было паведамлена на гарачую лінію раёнкі. Затое ў наяўнасці папера, дэзсродкі і вадкае мыла. У кабінках усё згодна з санітарнымі нормамі. Дарэчы, каб трапіць у спецпакой для інвалідаў, патрэбна адпаведнае пасведчанне. Ключ знаходзіцца ў дыспетчарскай аўтастанцыі. І чалавек з абмежаванымі магчымасцямі можа выклікаць дыспетчара спецыяльнай кнопкай, якая замацавана на бачным месцы на сцяне каля ўваходу ў грамадскі туалет. У кабінцы дзеля зручнасці маюцца спецыяльныя поручні і іншыя прыстасаванні. Згодна з графікам праводзіцца ўборка. Працуе туалет з 7 да 19 гадзін.
Грамадскі туалет у цэнтры Ляхавічаў па завулку Разіна, 6А мае камунгасаўскую прыналежнасць. На ўваходзе – кветкі ў вазонах, стойка з паперай і папяровымі ручнікамі. Чыста, светла і створаны належныя санітарныя ўмовы: асобныя кабінкі, мыйныя сродкі, зручная сантэхніка. Ляхавічане адзначаюць, што тут заўсёды чысціня і парадак. А яшчэ ветлівыя работнікі. Уборшчык Людміла Бурчыц (на здымку) расказвае, што ўстановай карыстаюцца і дзеці, і дарослыя. Асабліва шмат наведвальнікаў зараз, летам. Працуе грамадская прыбіральня з 9 да 20 гадзін.
Дырэктар КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі адзначае,што ў планах прадпрыемства пры наяўнасці сродкаў зрабіць са службовага памяшкання і кабінку для людзей з інваліднасцю. Дарэчы, грамадскі туалет бяс-платны і, адпаведна, не прыносіць прыбытку, а сродкі на яго ўтрыманне выдаткоўваюцца немалыя. З улікам і таго, што тут у штаце два работнікі.
Галоўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў заўважае, што грамадскія туалеты ў полі заўсёднай увагі санітарнай службы. Спецыялісты райЦГіЭ перыядычна манітораць стан санітарных памяшканняў, і калі выяўляюцца нейкія недахопы, то аператыўна ўхіляюцца.
Дарэчы, калі складваецца далікатная сітуацыя, то, акрамя грамадскага туалета, можна скарыстацца і санітарнымі кропкамі іншых устаноў. Напрыклад, не закрыюць дзверы перад чалавекам у ГДК. Маецца туалет і на пляжы ракі Ведзьмы, біятуалет размешчаны на стадыёне.
Падвядзём вынікі «туалетнага» рэйда. Зразумелая незадаволенасць суразмоўцы, які тэлефанаваў у рэдакцыю. Магчыма, па нейкіх прычынах яму больш зручна ў кабінцы для людзей з інваліднасцю. Але правілы агульныя для ўсіх. А санітарнаму стану грамадскіх прыбіральняў у Ляхавічах усё ж такі можна паставіць здавальняючую адзнаку.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.