Ячменны колас нядрэнна вырас. У Ляхавіцкім раёне завяршаецца ўборка азімага ячменю
У ААТ «Шлях новы», сярэдні гектар гэтай азімай культуры вырас фактычна на восем дзясяткаў цэнтнераў. А з улікам таго, што такіх гектараў у гаспадарцы значылася больш як паўтары сотні, у значнай меры дзякуючы «Шляху новаму» сярэднераённы гектарны збор атрымаўся «за» адзнакай 51 цэнтнер.

Параўнальную з сярэднераённай ураджайнасць паказала культура ў ААТ «Жарабковічы», дзе пад ёй знаходзілася аж чатыры сотні гектараў, у ААТ «Нача». У СВК «Ляхавіцкі», які па стане на 16 ліпеня завяршыў уборку паловы сваіх ячменных плошчаў, ёсць яшчэ на чым «падрасці», павялічыць свой сярэднегектарны паказчык збору ранняга ячменю.
«Шлях новы», «Жарабковічы» і «Нача» спрацавалі дастаткова аператыўна. З уборкай сваіх гектараў справіліся за лічаныя дні. Можна сказаць, уклаліся ў кароткую паўзу без дажджоў. І, канешне ж, аказаліся ў выйгрышы не па адной пазіцыі. Напрыклад, зараз могуць дазволіць сабе яшчэ і яшчэ раз «прыгледзецца» да сваіх збожжаўборачных машын, прааналізаваць іх работу на этапе ўборкі азімага ячменю і, у выпадку неабходнасці, папрацаваць над данастройкамі тэхнікі. Або гэты сэканомлены прыкладна тыднёвы час да пачатку ўборкі азімага рапсу засяродзіцца на прадаўжэнні корманарыхтовак.
А тыя, хто не паспеў з уборкай ячменю да дажджоў, вымушаны «дабіраць» свае гектары палёў і тоны ўраджаю ў перапынках паміж імі. Як, напрыклад, СУП «Белазем’е», на ячменным палетку якога «ЛВ» пабываў у сярэдзіне бягучага тыдня.
Неабходна адзначыць, што папярэдні дождж дазволіў выхад камбайнаў на злакавую ніву толькі бліжэй да поўдня дня наступнага. Зрэшты, і дата 16 ліпеня аказалася не зусім збожжаўборачнай. Два камбайны, адкамандзіраваныя на размешчаныя ў ваколіцах вёскі Падбарочча спелыя ячменныя палеткі прадпрыемства, паспелі зрабіць не надта шмат.
У той дзень на ячменнай ніве «Белазем’я» працавалі экіпажы ў складзе бацькі і сына Аляксандра і Ігара Буйкевічаў, а таксама Сяргея
Вялічкі і Данілы Курыловіча (на здымку). Для сямейнага экіпажа Буйкевічаў сёлетняя збожжаўборка не дэбютная. «Здабывалі» хлеб поруч і летась, і пазалетась. Добра разумеюць і дапаўняюць адзін аднаго. Бацька, як старэйшы і больш спрактыкаваны ў хлебаробскай справе, часам дазваляе сабе даваць сыну ўрокі практычнага прафесійнага майстэрства.
Ад агранома прадпрыемства Сяргея Апанаса (на здымку), які кіраваў справамі на гэтым участку, прагучала шмат добрых эпітэтаў у адрас старшага камбайнера другога «Гомсельмаша»
Сяргея Вялічкі. Напрыклад, што ён «рэдкі на сёння спецыяліст-механізатар», можа паспяхова спраўляцца з любой тэхнікай, што яшчэ «ўчора» Сяргей кіраваў корманарыхтоўчым «Ягуарам»,
а сёння паказвае клас на збож-жаўборачным «Гомсельмашы». У сезонных камбайнерах у яго Даніла Курыловіч – студэнт БДАТУ.
Будучы інжынер-механік сельскагаспадарчай вытворчасці, як прызнаўся, прыйшоў з мэтай і падзарабіць падчас канікулаў, і адначасова атрымаць практычны досвед па сваёй будучай спецыяльнасці.
Салома збіралася ў прэс-рулоны фактычна адразу за камбайнамі, для чаго на ўскрайку «аэрадрома» свайго выхаду ўжо чакалі тры спецыяльныя машыны. На момант нашага наведвання СУП «Белазем’е» ўбрала больш за 190 гектараў азімага ячменю з 257.
– Наступным павінен стаць азімы рапс. Для выхаду алейнай расліны ў фазу ўборачнай спеласці спатрэбіцца да тыдня часу, хоць, канешне, многае залежыць ад надвор’я. На рапс прадпрыемства гатова вывесці чатыры адзінкі даабсталяваных камбайнаў. А прыкладна тыдзень паміж азімым ячменем і рапсам мяркуем прысвяціць корманарыхтоўцы, яе трэцяму сёлета этапу, – падсумаваў аграном Сяргей Апанас.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

