Няма парадку – лічы, гультай. У Ляхавічах у поле зроку трапілі адрасы безгаспадарчасці
У якім стане ў Год добраўпарадкавання наш райцэнтр перасягае экватар жніўня, высвятлялі падчас сумеснага рэйду начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская і карэспандэнт «ЛВ». У поле зроку трапілі як адрасы безгаспадарчасці, так і домаўладанні, дзе і ў двары і вакол участка парадак і чысціня.
Тры домаўладанні хоць і знаходзяцца ў розных частках Ляхавічаў, але маюць аднолькавую гісторыю, ды і стан гэтых будынкаў інакш, як беспарадкам, не апішаш. Паваленая агароджа (а месцамі яна і ўвогуле адсутнічае), зарослы хмызняком двор, па прычыне чаго хутка і дома відаць не будзе. Дарэчы, у такой сітуацыі трэба гаварыць і пра небяспеку: дастаткова кінуць запалку – і да пажару недалёка. Падабенства яшчэ і ў тым, што па гэтых адрасах ніхто не жыве, хаця гаспадары дома ёсць. Размова пра дом № 11 па завулку Саўгасным, дом № 2 па завулку Паўднёвым, дом № 9 па вуліцы Лугавой.
Патрабуецца правесці работу над памылкамі і гаспадарам дома № 4 па вуліцы Садовай. Уладкаваны двор, нямала кветак, каля падворка таксама наведзены парадак. А вось і лыжка дзёгацю: каля праезнай часткі ўзвышаецца гара пасечаных дроў, прыкрытая поліэтыленам. Што з’яўляецца парушэннем Правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў.
– Згодна з Правіламі, гаспадары павінны сачыць за тэхнічным станам дамоў, гаспадарчых пабудоў і агароджы. Неабходна своечасова фарбаваць, рамантаваць і мяняць пашкоджаныя часткі і элементы, забяспечваць устойлівасць і цэласнасць агароджы. Дзейнічае забарона на размяшчэнне будаўнічых і іншых матэрыялаў, уключаючы пясок, на землях агульнага карыстання. Такія матэрыялы дапускаецца захоўваць выключна ў межах прыватнага домаўладання, на тэрыторыі зямельнага ўчастка, які належыць грамадзяніну. Гэта важная мера для забеспячэння парадку і бяспекі. Таму гаспадары атрымаюць прадпісанне аб неабходнасці ўхіліць парушэнне, – адзначыла Марына Завадская.
На многіх гарадскіх вуліцах можна сустрэць адзін ці некалькі дамоў, дзе трава не скошваецца ні ў двары, ні за яго межамі. Што таксама з’яўляецца парушэннем.
– Рэгулярнае скошванне травы, асабліва каля домоў ці гаспадарчых пабудоў – гэта і прафілактыка пажараў. Адпаведна пастанове Савета Міністраў № 430 «Аб парадку вызначэння памераў (межаў) тэрыторый для выканання работ па падтрыманні іх належнага санітарнага стану», памеры тэрыторый, на якіх грамадзяне павінны падтрымліваць належны парадак, устанаўліваюцца ад мяжы прадастаўленага грамадзяніну ўчастка да граніцы тратуара, праезнай часткі вуліцы ці дарогі, а па астатніх баках зямельнага ўчастка – не больш за 10 метраў ці палова адлегласці да суседняга зямельнага ўчастка, але не больш за 10 метраў, – нагадала Марына Завадская.
Пастаянная праблема працягласцю не адзін год мае месца на вуліцы Патапавіцкай. Адразу па некалькіх адрасах на зялёнай зоне «ракватараваліся» склад зношаных шын, рэшткі драўніны, грузавы аўтамабіль, мікрааўтобус і іншае, што там яўна не павінны знаходзіцца. Яшчэ адзін момант. КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» пачало вывозіць раслінныя адходы з прыватнага сектара, адпаведны графік быў змешчаны ў «ЛВ». Аднак прадаўжаюць мець месца адмоўныя прыклады, калі гора-гаспадары вывозяць раслінныя адходы на зялёныя зоны і ўтвараюць там несанкцыянаваныя сметнікі. Адзін з прыкладаў падчас рэйду заўважаны на вуліцы Кальцавой.
Згодна з артыкулам 22.10 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, за загрувашчванне вуліц, плошчаў, двароў, іншых земляў агульнага карыстання будаўнічымі матэрыяламі ці іншымі прадметамі на грамадзян накладаецца штраф да 5 базавых велічынь, а за парушэнне іншых правілаў добраўпарадкавання, за невыкананне работ па падтрыманні належнага санітарнага стану – да 25 БВ.
Завяршыўся маніторынг на мажорнай ноце. Суцэльны парадак як у дварах прыватных домаўладанняў, так і каля іх – так сустрэў завулак Яблыневы, якому вельмі пасуе новы асфальт, уладкаваны гэтай вясной.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.




