Сапраўдны профі ў пытаннях аховы. Ляхавічанін Андрэй Андрэеў стаў пераможцам абласнога агляду-конкурсу прафмайстэрства Дэпартамента аховы

Супрацоўнікі Дэпартамента аховы Брэсцкай вобласці
13-14 жніўня спаборнічалі ў прафесійных кампетэнцыях.
У горадзе над Бугам сабраліся лепшыя прадстаўнікі службы, сярод іх і наш зямляк – старшы інспектар групы міліцэйскай, ваенізаванай і вартавой аховы аддзялення па ахове аб’ектаў у г. Ляхавічы Баранавіцкага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Андрэй Андрэеў. Менавіта ён прызнаны пераможцам па выніках тэарэтычных і практычных выпрабаванняў агляду-конкурсу прафесійнага майстэрства сярод супрацоўнікаў міліцэйскай, ваенізаванай і вартавой аховы.

Каб стаць першым, старшаму лейтэнанту Андрэеву давялося прадэманстраваць свае веды, уменні і навыкі ў шматлікіх дысцыплінах. Спачатку неабходна было адказаць на 60 тэставых пытанняў па спецыяльнай і агнявой падрыхтоўцы, а таксама асабістай і прафесійнай бяспецы. Высокі вынік Андрэй паказаў і падчас здачы практычнага экзамену па напрамку сваёй службы, дзе абследаваў па ўсіх правілах аб’ект, што прымалі пад ахову. Выдатна справіўся наш зямляк і з фізічнай падрыхтоўкай, якая ўключала, у тым ліку, пяць баявых прыёмаў самаабароны. А пасля быў бег на дыстанцыю 1 500 метраў, практычныя стрэльбы і зборка-разборка пісталета Макарава.
– Сваёй перамогай Андрэй Андрэеў даказвае: бяспека пачынаецца з асабістай адказнасці кожнага супрацоўніка. Андрэй – супрацоўнік кампетэнтны, добрасумленны і ініцыятыўны. Калі ён на аб’екце – значыць, усё пад кантролем, – падкрэслівае начальнік аддзялення па ахове аб’ектаў горада Ляхавічы Баранавіцкага аддзела Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Аляксандр Хітрык.
Андрэй Андрэеў у аддзяленні па ахове аб’ектаў у Ляхавічах ужо больш за дзесяць гадоў. Падчас службы атрымаў і дыплом юрыста. Спектр абавязкаў старшага інспектара групы міліцэйскай, ваенізаванай і вартавой аховы шырокі – ад навучання асабістага складу і яго падрыхтоўкі да выканання прафесійных абавязкаў да праверкі арганізацыі нясення службы. І справу сваю добра ведае, што і пацвердзіў абласны этап агляду-конкурсу прафесійнага майстэрства. Перамога дапоўніць яго прафесійныя ўзнагароды, сярод якіх знак унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў «За самаадданую службу», нагрудны знак Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь «За адзнаку» і іншыя.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.



