Аптэчны кадравы камплект. У Ляхавіцкай цэнтральнай раённай аптэцы № 56 – кадравае папаўненне

У Ляхавіцкай цэнтральнай раённай аптэцы № 56 – кадравае папаўненне. З 1 жніўня да калектыву далучыліся тры маладыя спецыялісты.
Хто яны? Правізары-інтэрны ЦРА № 56 Анастасія Апалонава і Дзіяна Навумчык – выпускніцы Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. А ў структурным падраздзяленні ЦРА № 56 – аптэцы № 265 – пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага медыцынскага каледжа працуе фармацэўт-рэцэптар Анастасія Сяргей.

– Сёння назіраем сапраўдную пераемнасць пакаленняў. Супра-
цоўнікаў-прафесіяналаў, якія пайшлі на заслужаны адпачынак, –
Сафію Кірмель і Вольгу Шукала – змянілі новыя кадры. Маладыя спецыялісты хутка ўвайшлі ў курс справы, з першых дзён цікавяцца ўсімі аспектамі дзейнасці ўстановы. Наведвальнікі адзначаюць іх уважлівыя і тактоўныя адносіны. Нашы правізары і фармацэўт ведаюць свае абавязкі, якіх, дарэчы, нямала. Падчас навучання ў ВНУ і каледжы яны штогод праходзілі практыку ў аптэках. Але, нягле-
дзячы на падрыхтаванасць, сёння яны адпрацоўваюць шматлікія практычныя моманты. Не так проста засвоіць класіфікацыю і ўмовы захоўвання пяці тысяч найменняў медпрэпаратаў, – адзначае загадчык ЦРА № 56 Таццяна Салодкая, якая з’яўляецца кіраўніком інтэрнатуры для Анастасіі Апалонавай і Дзіяны Навумчык. У Анастасіі Сяргей настаўнік – загадчык аптэкі № 265 Юлія Варановіч. З такімі вопытнымі калегамі маладым кадрам надзейна і ўпэўнена.


Пасля трох тыдняў працы «ЛВ» пацікавіўся ў маладых спецыялістаў іх ўражаннямі.
Правізар-інтэрн Дзіяна Навумчык падкрэслівае, што ёй вельмі падабаецца аптэка і калектыў.
– Пашанцавала працаваць сярод калег, якія не пакідаюць сам-насам з пытаннямі, а падтрымліваюць і падказваюць. Калі і ўзнікаюць нейкія складанасці, то з намі наш калектыў і настаўнік. На працягу пяці месяцаў – да 31 снежня – мы, правізары-інтэрны, атрымліваем практычныя навыкі на сваіх першых працоўных месцах, а пасля вернемся ва ўніверсітэт, каб пацвердзіць кваліфікацыю і прадоўжыць прафесійную дзейнасць у Ляхавічах, – дзеліцца Дзіяна Навумчык і прызнаецца, што з дзяцінства марыла быць фармацэўтам і з першых дзён зразумела, што зрабіла правільны прафесійны выбар.
Фармацэўт-рэцэптар Анастасія Сяргей адзначае, што ёй падабаецца дапамагаць людзям, даваць слушныя парады, разбірацца ў праблеме. Лічыць важным стаць спецыялістам кваліфікаваным і аўтарытэтным і вельмі задаволена, што яе прафесійныя спадзяванні супалі з рэальнасцю. Дзеліцца, што добра разумее адказнасць, ускладзеную на работнікаў аптэк, куды часта насельніцтва прыходзіць раней, чым да ўрача.
Правізар-інтэрн Анастасія Апалонава расказала, што калектыў аптэкі вопытны і кваліфікаваны.
І гэта вельмі матывуе адпавядаць калегам. Анастасія падкрэслівае, што ў старэйшых класах прымала ўдзел у прадметных алімпіядах, у тым ліку па хіміі. Дзякуючы перамозе на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды, дзе заваявала дыплом III ступені па фізічнай культуры і здароўі, была залічана ў банк даных таленавітай моладзі.
– Не на словах ведаю, як станоўча ўплывае на здароўе чалавека фізкультура. А ва ўніверсітэце з інтарэсам вывучала лекавыя прэпараты і іх уласцівасці. І асабліва каштоўна, што сваімі ведамі сёння магу дапамагаць людзям, – дадае Анастасія Апалонава.
Усе тры маладыя спецыялісты з Баранавічаў, і сёння яны мараць атрымаць па месцы працы арэнднае жыллё, падалі ўжо дакументы ў райвыканкам. Дзяўчаты тлумачаць, што працоўны дзень у адных заканчваецца ў восем гадзін, у іншых – у дзевяць, але і для яго завяршэння патрабуецца пэўны час і выкананне сваіх прафесійных абавязкаў.
Маладыя спецыялісты цэнтральнай раённай аптэкі, як і прадстаўнікі іншых сфер, атрымаюць свае «пад’ёмныя», па жаданні могуць узяць крэдыт на спажывецкія паслугі на выгадных умовах. Прадугледжаны і іншыя бонусы.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.