ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». Клопат пра лён дае важкі плён

Дзмітрый СКАКУН:
– Пяцігодка, якая пачалася для беларусаў Годам народнага адзінства і завяршаецца Годам добраўпарадкавання, стала даволі плённай і выніковай для нашага прадпрыемства. Завадчане паказвалі дастойныя вынікі, рэалізоўвалі новыя праекты, выпускалі якасную і запатрабаваную прадукцыю, у тым ліку інавацыйную, пашыралі яе асартымент і рынкі збыту. І гэта грунтоўны падмурак для далейшай працы.

Інвестыцыі ў рэалізацыю новых праектаў, рэканструкцыя і мадэрнізацыя, павелічэнне прадукцыйнасці і пашырэнне асартыментнага пераліку выпускаемай прадукцыі, рост дабрабыту працаўнікоў – складнікі паспяховага развіцця любога прадпрыемства незалежна ад формы ўласнасці. Адзін з прыкладаў рэалізацыі такой вытворчай палітыкі – ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». Менавіта тут зроблена вялікая справа дзяржаўнай важнасці – рэалізаваны інвестыцыйны праект па вытворчасці катанізаванага льновалакна і паспяхова дзейнічае поўны цыкл ільновытворчасці – ад вырошчвання даўгунцу да вырабу разнастайнай прадукцыі, запатрабаванай
і ў нашай краіне, і ў замежжы.

Больш за дзесяцігоддзе назад тут, як гаворыцца, з нуля пабудаваны новы цэх і спадарожныя яму памяшканні. За апошнія пяць гадоў завод з больш чым паўвекавой гісторыяй не пазнаць, тут нямала абновак. Вось толькі некаторыя з іх: кацельня, адна з чатырох шох для захоўвання льнотрасты, наладжаны выпуск імпартазамяшчальнай і інавацыйнай прадукцыі. Пастаянна вядуцца работы па стварэнні больш камфортных умоў для тутэйшых работнікаў. Адпаведна і работнікі настроены аптымістычна, імкнуцца працаваць больш якасна і прадукцыйна. Уласціва прадпрыемству і суцэльная добраўпарадкаванасць. Прычым парадак тут наводзіцца і падтрымліваецца на пастаяннай аснове.

Каб выпускаць добрую, канкурэнта-здольную прадукцыю, неабходна мець якасную сыравіну, таму вялікая ўвага надаецца вырошчванню гэтай стратэгічна важнай культуры. За апошнія пяць гадоў агульная тэрыторыя пасеваў даўгунцу ў сыравіннай зоне прадпрыемства з улікам Баранавіцкага аграсэрвісу і Ляхавіцкай міжраённай ільнонасенстанцыі дасягнула 3 000 гектараў. Больш маштабныя плошчы ў спалучэнні з якасным насенным матэрыялам у апошнія пяць гадоў істотна паўплывалі на льняны ўраджай. На заводзе асаблівая ўвага надаецца насенню. Напрыклад, сёлета выбар быў зроблены на карысць сартоў «рубін» і «эдэн», якія добра зарэкамендавалі сябе летась. У 2026 годзе элітнага насення плануецца набыць яшчэ больш.

Дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Скакун раскрывае некаторыя нюансы:
– З агранамічнай службай пасля другой праполкі зрабілі папярэдні прагноз, у аснове якога – павелічэнне ўраджайнасці льняных палеткаў. Спрацавала тое, што выкананы ўсе агратэхнічныя патрабаванні, і ўмовы надвор’я сёлета для сыравіны аказаліся
надзвычай спрыяльнымі.

Таму маем значны плюс у параўнанні з мінулым годам. Парадавала ўраджайнасць ільнотрасты – 5,03 тоны з гектара. Для параўнання, летась было 4,02 тоны. Адпаведна, істотна павялічыўся і валавы збор –
15 200 тон ільнотрасты! Такога багатага запасу ў нас раней ніколі
не было!

На заводзе перапрацоўваюць ільнотрасту ў ільновалакно, якое ў сярэднім мае нумар 0,91, спадарожна атрымліваюць тэхнічны льняны алей, жамерыны, паліўныя брыкеты і падсцілачны матэрыял. Ільновалакно з завода ў Задвор’і пастаўляецца прадпрыемствам канцэрна «Беллегпрам» у кошт дзяржзаказу, частка ідзе на экспарт. Усё гэта складае аснову эканомікі прадпрыемства, якая за мінулыя гады плюсуе.
У агульназаводскім поспеху, у прыватнасці, у забяспечанасці сыравінай, істотная заслуга тутэйшага механізаванага атрада, укамплектаванага надзейнымі жалезнымі памочнікамі: трактарамі, прэс-падборшчыкамі, культыватарамі, сеялкамі, камбінаванымі агрэгатамі, апырсквальнікамі, плугамі і іншым.

Заводская стратэгія простая – без папаўнення і мадэрнізацыі машынна-трактарнага парка дабіцца высокіх ураджаяў немагчыма. Штогод за сезон механізаваны заводскі атрад апрацоўвае 2 200 гектараў ільну.

Да заканчэння 2025 года паўтара месяца. Але ўжо сёння можна ўпэўнена сказаць: бягучы год для завода выдаўся вельмі спрыяльным. Дзмітрый Скакун не хавае задавальнення, калі размова ідзе пра сёлетнія заводскія здабыткі. Са студзеня па кастрычнік уключна выпушчана 2 734 тоны льновалакна, 311 тон катанізаванага льновалакна, 333 тоны жамерын, 82 тоны тэхнічнага алею, 600 тон кастрабрыкетаў.
Разам з тым Дзмітрый Скакун падкрэслівае, што і 2024 год быў даволі-такі нядрэнным. Тым больш, што менавіта летась пачаўся выпуск інавацыйнай экспартаарыентаванай прадукцыі – катанізаванага льновалакна. Гэты праект рэалізаваны ў межах рэспубліканскай ініцыятывы «Адзін раён – адзін праект» за кошт уласных сродкаў прадпрыемства і з прыцягненнем крэдытаў. У асноўным катанізаванае льновалакно адпраўлялася на экспарт у Кітай. Пазней ільнозавод заключыў дагавор на пастаўку катанізаванага льновалакна ў Турцыю. А сёлета прадукцыя-навінка акрамя Кітая і Турцыі адпраўляецца ў Расію і Польшчу. Адзін з важных момантаў рэалізацыі праграмы «Адзін раён – адзін праект» – арганізацыя
24 новых працоўных месцаў на прадпрыемстве.
Летась з 2 888 тонамі завод амаль наблізіўся да чаканай лічбы – 3 000 тон (найлепшы паказчык за ўсю гісторыю завода) па выпуску льновалакна. Ну і яшчэ літаральна некалькі лічбаў. За 9 месяцаў гэтага года выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала 144,5 працэнта да ўзроўню мінулага года, чысты прыбытак – 123,4 працэнта, сярэдняя заработная плата – 137,9 працэнта.
Важным здабыткам 2024 года дырэктар прадпрыемства назваў набыццё дэзынтэгратара – машыны для драблення малаабразіўных матэрыялаў: уся няякасная льнотраста, што захоўвалася ў шохах, перапрацавана ў сыравіну для атрымання катаніну.

Дарэчы, згодна з рэйтынгам Аршанскага льнокамбіната
за 2024 год, сярод 19 ільнозаводаў Беларусі прадпрыемства ў Задвор’і займае пятае месца.

Галіна КАНЬКО.