ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». А пад закруткай – сапраўдны смак!

У гэтага прадпрыемства ёсць усё, каб годна трымаць пазіцыі на айчынным і не толькі рынках. У маркетынг закладзены не толькі розныя крэатыўныя фішкі, вядомая марка з гісторыяй, піяр-кампаніі. Галоўны інструмент ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» – непадробны смак, якасць і натуральнасць прадукцыі… і, што немалаважна, калектыў заўжды трымае ў тонусе густу сваіх пакупнікоў, інтрыгуе навінкамі і апраўдвае давер.

Два кансервавыя і сокавы цэхі – галоўныя пляцоўкі кулінарнага працэсу. Шмат прадукцыі трапляе на стол нарыхтоўшчыкаў, лічы, з асабістых заводскіх «агародаў»: прадпрыемства мае сваю сыравінную базу, а значыць адказвае за натуральнасць прадукцыі. У закаткі трапляе свая агародніна: бульба, морква, кроп, пятрушка, шчаўе. А такі падыход – плюс да дэмакратычнасці кошту, а значыць плюс у канкурэнцыі.

– За пяць гадоў было выпушчана больш за сто мільёнаў умоўных слоікаў прадукцыі кансервавага завода. Толькі за гэты год лічба дасягнула 18 мільёнаў слоікаў. А асартымент выпускаемай прадукцыі пашырыўся да больш як 120 найменняў. Менавіта апошняя пяцігодка падарыла землякам «Соус таматны з гарчыцай па-сіцылійску», «Соус вішнёвы да мяса». Пакупніцкі выбар – «Соус-паста Pesto» і «Соус-прыправа агурковая з гарчыцай па-фінску». Значны крок зрабілі ў выпуску прадукцыі для дзіцячага харчавання. Прадукцыя пад брэндам «Птушка-ляхавічка» стала для нас крокам і да мадэрнізацыі. Шмат зрабілі-аднавілі-перапрафілявалі, каб выпускаць нашу прадукцыю ў новай упакоўцы. Напрыклад, у шкляной бутэльцы 0,75 літра. Зайшлі землякам кампоты з вішні, клубніц, чарніц, чорнай парэчкі. Прыемнага шуму нарабілі наш «Махіта» з агрэсту і гранатавы сок. Прыемна, што з розных куткоў краіны пасыпаліся смачныя «распакоўкі» нашай прадукцыі – відэадэгустацыі ляхавіцкіх варэння, сокаў, соусаў набіраюць нямала праглядаў. Народная рэклама! У 2023 годзе, напрыклад, кансервавы завод наладзіў выпуск прадукцыі ў сучаснай ўпакоўцы «Bag in box». У такім варыянце сёння можна набыць таматны, яблычны, бярозавы сокі. Кожны год, месяц, дзень – для нас гэта бесперабойны працэс стварэння, аднаўлення, мадэрнізацыі, – адзначыў выконваючы абавязкі дырэктара ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» Юрый Цюлянкоў.

Дарэчы, сёння магутнасць завода выкарыстоўваецца па максімуму. Хацелася б нават і больш… Справа ў тым, што, напрыклад, пакупніцкі попыт на прадукцыю ў вакуумнай упакоўцы часам перавышае прапанову. Агуркі з кансервавага разлятаюцца на «ўра», асабліва на сталічным рынку.
Калі ў 2023 годзе ўзнікла неабходнасць наладзіць адначасовую работу ўсіх трох цэхаў, узнікла і неабходнасць павелічэння магутнасці трансфарматарнай падстанцыі. Так кансервавы цэх быў рэканструяваны пад вытворчы, уведзены ў экплуатацыю новыя трансфарматарныя падстанцыі. Зараз, напрыклад, чакаюць абнаўлення падрыхтоўчых ліній для перапрацоўкі капусты, морквы, бульбы. Апошняя пяцігодка стала для прадпрыемства часам адкрыццяў, вытворча-тэхнічных выпрабаванняў, рызык і, канешне, перамог.

У плане адкрыццяў… Канешне, размова і пра гандлёвыя кропкі з фірменнай прадукцыяй кансервавага. Ляхавіцкі «Заводскі» даўно прапісаўся ў інфраструктуру райцэнтра. Тут, калі ласка, уся прадукцыя завода, асабліва любяць землякі заходзіць за навіначкамі, трапляюць і на дэгустацыйныя акцыі. Свая кропка ёсць і ў сталіцы – на Камароўскім рынку, пакупнікі асабліва палюбілі соусы і агурчыкі пад вакуумам. У дзень прывозу тавару – заўжды чарга. Добра ідуць справы і ў Слоніме. Пакуль вырашаюцца пытанні і з адкрыццём магазіна ў Баранавічах, магчыма, новая кропка з’явіцца на Аляксееўскім рынку.
Што ў плане навінак? І тут ёсць што сказаць кансерваваму. За апошнія пяць гадоў навінак з’явілася шмат. Канешне, ёсць тое, што гадамі будзе ў карзіне пакупніка, скажам так, класіка – таматны соус. А вось, напрыклад, ці атрымае станоўчы водгук аджыка – адкрываем інтрыгу: хутка з’явіцца на паліцах магазінаў – вырашаць вам, землякі. І яшчэ рыхтуецца да прэзентацыі адна прапанова з кіслінкай. Абяцаюць усесезонную смакату! Лімон з цукрам! Зімой да гарачага чаю, летам да прахаладжальных напіткаў. Можна і ў пірог, і так пасмакаваць будзе класна. Таму чакаем, пакуль навінка атрымае дазвол да выпуску, і – дэгуставаць.
– Поспех – слова простае, а складаецца з вопыту пакаленняў, традыцый, моцнага сёння і ўпэўненага заўтра. Сіла заўжды ў людзях, у нашым калектыве! Са святам, калегі! – віншуе Юрый Цюлянкоў.
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.