Калі побач з дзецьмі бацькі. Да чаго можа прывесці перапіска ў сацыяльных сетках

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх у райвыканкаме разглядалася каля дзясятка сітуацый.
Адна з іх датычыла адносін у сацыяльных сетках. На жаль, яшчэ не ўсе разумеюць, што інтэрнэт не пляцоўка для разборак, а законы распаўсюджваюцца і на гэту прастору. Ураджэнка Баранавіцкага раёна (навучэнка ўстановы адукацыі Ляхавіччыны) убачыла, што ў адной дзяўчынкі імя і прозвішча такія ж, як і ў яе, і напісала цёзцы. Завязалася перапіска – не прапанова сябраваць, і словы ў ёй выкарыстоўваліся зусім не ветлівыя. У выніку маці дзяўчынкі, якой адрасаваліся знявагі, напісала заяву ў міліцыю. Дзеянні 17-гадовай дзяўчыны, якая прызнала сваю віну, кваліфікаваны па частцы 1 артыкула 10.2 КоАП як абраза – наўмыснае прыніжэнне гонару і годнасці асобы, выказанае ў непрыстойнай форме.
З аматаркай высвятляць адносіны інспекцыя па справах непаўна-
летніх будзе праводзіць індывідуальную прафілактычную работу, а таксама ёй давядзецца заплаціць штраф.
Наступнай на чарзе зноў была 17-гадовая дзяўчына. Днём яна пай-
шла з інтэрната навучальнай установы і да 22 гадзін туды не вярнулася. Супрацоўнікі інтэрната паведамілі пра знікненне дзяўчыны ў міліцыю. Як было пазней устаноўлена, яна на аўтобусе даехала да месца жыхарства бацькоў, але дадому не пайшла, а адправілася на дыскатэку… І гэта не першы такі выпадак, калі навучэнка зыходзіць з інтэрната.
Адказ на камісіі трымала не толькі непаўналетняя, але і яе бацькі, якіх камісія абавязала сустракаць дачку пасля заняткаў і кантраляваць яе месцазнаходжанне.
17-гадовая жыхарка аднаго з аграгарадкоў раёна ў нецвярозым стане была затрымана міліцыяй у Клецку. Такія паводзіны для непаўналетняй не рэдкасць. Ёй вынесена папярэджанне і абмежавана знаходжанне на вуліцы з 22 да 6 гадзін. Калі ж дзяўчына не зробіць высноў, да яе будуць прыменены іншыя меры ўздзеяння.
15-гадовы ляхавічанін набыў на «Куфары» тэлефон і актывізаваў акаўнт былога ўладальніка смартфона. Скарыстаўся і яго грашыма для гульні ў сетцы. Калі з баланса зніклі грошы, былы гаспадар тэлефона напісаў заяву ў міліцыю. Камісія спрабавала разабрацца, ці асэнсаваў сваю віну непаўналетні, пераканацца, што ў далейшым ён зноў не пераступіць закон.
На пасяджэнні ў цэнтры ўвагі былі і дзве справы, якія датычылі кіравання транспартным сродкам непаўналетнімі, якія па законе не мелі права садзіцца за руль. У першым выпадку маці папрасіла сына адагнаць аўто ад пад’езда да гаража – 350 – 400 метраў. Юнага вадзіцеля спынілі супрацоўнікі АДАІ. У другім выпадку дзед папрасіў унука ўзяць мапед і з’ездзіць за камбікормам. Падчас паездкі падлетка спынілі супрацоўнікі міліцыі.
Пра тое, што легкадумнасць і неабачлівасць могуць дорага абысціся, ні дарослыя, ні падлеткі не задумваліся. Між тым, у сакавіку ў райцэнтры каля трох гадзін ночы 15-гадовы падлетак узяў з гаража машыну і паехаў катацца, па дарозе падабраў сяброў. Спыніла прагулку ДТЗ – юны аўтааматар не справіўся з кіраваннем, і машына ўрэзалася ў тратуарны камень. Юнак сеў за руль не бацькоўскай легкавушкі, а чужых людзей. Яго дзеянні цяпер кваліфікуюцца як угон машыны і ўчыненне ДТЗ.
За дзеянні непаўналетняга сына перад законам адказваюць бацькі.
– У выхаванні ключавую ролю адыгрываюць не школа і не настаўнікі – бацькі і іх адносіны да дзяцей. Вельмі важна, якая мадэль адносін склалася ў сям’і. Яе неасэнсавана паўтараюць за бацькамі сыны-дочкі. Калі дзяцей чуюць, дапамагаюць і падтрымліваюць, цікавяцца справамі і заняткамі, то яны наўрад ці пойдуць у начны час на вуліцу і не будуць шукаць разумення ў нецвярозай кампаніі, – адзначае намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталля Мацкевіч.
На камісіі быў зацверджаны план мерапрыемстваў па рэалізацыі рэспубліканскай міжведамаснай праграмы «Клопат» на 2021 год.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.