Натарыяльнае засведчанне – гарантыя законнасці. Варыянт не абавязковы, але бяспечны

Натарыяльнае засведчанне здзелак па адчужэнні нерухомай маёмасці не з’яўляецца абавязковым, і удзельнікі маюць права выбраць любы варыянт заключэння дагавора – з натарыусам або без. Але неабходна праяўляць асобую асцярожнасць і пільнасць, бо існуе мноства нюансаў, вядомых толькі спецыялісту.
Іх невыкананне можа пацягнуць адмову ў дзяржаўнай рэгістрацыі, судовую спрэчку, а таксама значныя страты для ўдзельнікаў здзелкі.
Натарыяльнае засведчанне дае грамадзянам сур’ёзныя гарантыі.
Пры ажыццяўленні натарыяльнага дзеяння натарыус устанаўлівае асобу ўдзельнікаў здзелкі, правярае здольнасць грамадзян разу-
мець сутнасць і значэнне сваіх дзеянняў, правярае прыналежнасць маёмасці, кансультуе па пытаннях дзеючага заканадаўства, растлумачвае прававыя наступствы дзеяння або бяздзейнасці грамадзян і многае іншае. Перад непасрэдным засведчаннем натарыус высвятляе інтарэсы абодвух бакоў для граматнага выбару ўмоў і тыпу здзелкі.
Здараецца, грамадзянін думае, што падпісвае завяшчанне (распараджаецца маёмасцю на выпадак смерці), аднак на справе гэта аказваецца дагавор дарэння, пасля падпісання якога ён ужо не будзе з’яўляцца ўласнікам. Натарыус выключае такія фактары, як падман, пагроза або памылка, якія таксама з’яўляюцца падста-
вамі для прызнання здзелкі несапраўднай.
Натарыус абавязаны праверыць правамернасць здзелкі, ці не супярэчыць яна дзеючаму заканадаўству. Таксама ён праверыць неабходныя дакументы. У выпадку іх адсутнасці запатрабуе звесткі ад дзяржаўных органаў і іншых арганізацый або раскажа, дзе і якія атрымаць.
Натарыяльныя дакументы маюць працяглыя тэрміны захавання ў архіве. Калі здарылася так, што вы іх згубілі, у любы час можна атрымаць дублікат.
У выпадку натарыяльнага засведчання здзелкі, калі пакупнік ухіляецца ад аплаты сумы, ўказанай у дагаворы (напрыклад, купля-продаж у растэрміноўку), прадавец мае права звярнуцца да натарыуса за ажыццяўленнем выканаўчага надпісу. Такім чынам, няма неабходнасці звяртацца ў суд, што дазваляе сэканоміць час і грошы. Пры наяўнасці выканаўчага надпісу натарыуса дастаткова будзе звярнуцца да судовага выканаўцы.
Па просьбе зацікаўленай асобы натарыяльнае засведчанне здзелкі ажыццяўляецца па-за памяшканнем натарыяльнай канторы з выездам да месца знаходжання асобы.
У даным выпадку не абавязкова наяўнасць якіх-небудзь прычын. Але часцей за ўсё натарыус выязджае да асоб, якім з-за фізічных недахопаў, узросту або хваробы цяжка з’явіцца ў наткантору.
Ажыццяўляючы любое натарыяльнае дзеянне, натарыус нясе за яго адказнасць. Ён заключае дагавор страхавання грамадзянскай адказнасці на выпадак прычынення шкоды трэцім асобам у выніку няправільнага ажыццяўлення натарыяльнага дзеяння. У выпадку прызнання судом дзеянняў натарыуса супярэчнымі закону кліенту будзе кампенсавана сума нанесенай страты.
Пры засведчанні дагавораў адчужэння нерухомай маёмасці пэўныя катэгорыі грамадзян часткова вызваляюцца ад выплаты натарыяльнага тарыфу (асобы, якім прызначана пенсія ў Рэспубліцы Беларусь, – пенсіянеры, інваліды I, II групы), поўнасцю – інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны.

Іна ШАБАЦЬКО,
загадчыца натарыяльнай канторы Ляхавіцкага раёна.