Марына ЗАВАДСКАЯ, начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама

Марына ЗАВАДСКАЯ, начальнік аддзела архітэктуры,
будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама:

– Дарожнае абнаўленне на Ляхавіччыне апошнім часам уражвае сваёй маштабнасцю і ўсё новымі адрасамі. Становіцца больш і больш участкаў вуліц райцэнтра, сельскіх населеных пунктаў, якія «апранаюцца» ў асфальтавае пакрыццё і становяцца больш уладкаванымі, камфортнымі для пешаходаў і аўтатэхнікі. І на бліжэйшую пяцігодку запланавана нямала аб’ектаў добраўпарадкавання дарожнай інфраструктуры. Прыярытэт «Стварэнне якаснага і зручнага асяроддзя для жыцця» праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады прадугледжвае рэалізацыю дзяржаўнай праграмы
«Дарогі Беларусі». І ў Ляхавіцкім раёне плануецца вырашыць шэраг задач у гэтым важным напрамку. Будуць нарошчаны аб’ёмы бягучага рамонту аўтадарог агульнага карыстання. Яшчэ адзін аспект тычыцца стварэння скорасных дарожных звязак, напрыклад, «аграгарадок – райцэнтр», з удасканаленым пакрыццём. У нашым раёне зроблена шмат: усе такога кшталту дарогі, якія звязваюць аграгарадкі і Ляхавічы, асфальтаваны. Але пры неабходнасці будзе праводзіцца ямачны рамонт. А вось для вуліц аграгарадкоў ёсць прыемная навіна. Плануюцца на сёмую пяцігодку мерапрыемствы па ўладкаванні ўдасканаленага дарожнага пакрыцця ў перспектыўных сельскіх населеных пунктах. У планах – штогод да 2030 года ўключна ўладкоўваць каля сямі тысяч квадратных метраў аграгарадскіх вуліц.

ВНС