Прыемная нагода для добрых спраў. Беларускі саюз жанчын аб’яднаў зямлячак з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй

Беларускі саюз жанчын аб’яднаў зямлячак з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. І першыя дні 2026 года, аб’яўленага Прэзідэнтам Годам беларускай жанчыны, прадстаўніцы раённай арганізацыі БСЖ пачалі з марафону добрых спраў – чарговы раз далучыліся да рэспубліканскай акцыі «Ад усёй душы». Віншаванні і падарункі – землякам-доўгажыхарам.
З цёплымі словамі віншавання, кветкамі і падарункамі старшыня РА ГА «Беларускі саюз жанчын» Вольга Бурак, дырэктар ТЦСАН Таццяна Равінская, старшыня Альхоўскага сельвыканкама Вячаслаў Кулак, удзельнікі народнага вакальнага ансамбля «Сівізна» завіталі ў
вёску Альхоўцы, каб павіншаваць з 90-гадовым юбілеем тутэйшую жыхарку Ганну Страмавус.
Працоўны лёс Ганны Іванаўны звязаны з саўгасам «Альхоўскі», дзе яна плённа працавала даяркай. Неаднойчы за сваю добрасумленную нялёгкую працу яна атрымлівала ўзнагароды – граматы, падзякі. І сёння, нягледзячы на шаноўны ўзрост, Ганна Страмавус цікавіцца жыццём і займаецца творчасцю – пляце кручком цудоўныя дыванкі.
Але галоўнае багацце, якім валодае доўгажыхарка-юбілярка, – любоў і клопат родных і блізкіх – дачок, унукаў і праўнукаў, якія клапоцяцца пра сваю матулю, бабулю, прабабулю, шануюць яе і берагуць.
– Сёлета ў межах рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Ад усёй душы» асаблівы акцэнт у нашым раёне вырашылі зрабіць на земля-
коў-доўгажыхароў. Паспелі павіншаваць з навагоднімі і каляднымі святамі, а таксама са значным жыццёвым юбілеем – 90-годдзем – ляхавічан Іосіфа Бортніка, Раісу Сініцу, Соф’ю Кісель, жыхарку Гарадзішча Ядвігу Хмару, а таксама 100-гадовую ляхавічанку Ніну Дзямідаву. Віншавальна-ўшанавальны марафон прадаўжаецца, – расказвае дырэктар ТЦСАН актывістка БСЖ Таццяна Равінская.
Дарэчы, як паведамілі ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, у Ляхавіцкім раёне па стане на 1 студзеня 2026 года пражывае 195 чалавек ва ўзросце ад 90 гадоў і старэйшых.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

