Бяспека дзяцей – адказнасць дарослых. Стартуе новая маштабная інфармацыйная кампанія пад назвай «Дзеці – не дарослыя! Не пакідайце іх адных!»
Кожны год у Беларусі адбываюцца трагічныя выпадкі, звязаныя з гібеллю і траўматызмам дзяцей. І даволі часта прычына адна і тая ж: дарослыя губляюць пільнасць. «Усяго на хвілінку» – і дзіця застаецца без нагляду. Толькі за апошнія пяць гадоў на пажарах у краіне загінулі 38 дзяцей. Трагічныя выпадкі зарэгістраваны і ў Ляхавіцкім раёне, дзе за апошнія пяць гадоў у агні загінулі тры дзіцяці…

Часам здаецца, што пажар можа здарыцца ў кагосьці, толькі не ў маёй сям’і. Каб бяда не прыйшла ў дом, варта ацаніць жыллё на бяспеку.
Каб прыцягнуць увагу бацькоў да праблемы гібелі і траўматызму дзяцей на пажарах і вадаёмах, у краіне стартуе новая маштабная інфармацыйная кампанія пад назвай «Дзеці – не дарослыя! Не пакідайце іх адных!». Акцыя пройдзе з 1 лютага да 31 снежня 2026 года. У грамадскіх месцах і ў інтэрнэце будуць трансліравацца тэматычныя відэаролікі. Супрацоўнікі РАНС размесцяць інфармацыйныя лістоўкі і плакаты ў месцах масавага знаходжання людзей: ва ўстановах адукацыі, аховы здароўя, культуры, на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Галоўная мэта акцыі – павысіць узровень дасведчанасці бацькоў пра патэнцыяльную небяспеку для дзяцей і недапушчальнасць пакідання непаўналетніх без нагляду.
Работнікі МНС прымуць удзел у бацькоўскіх сходах і выступяць у працоў-ных калектывах з наказам: якімі б самастойнымі і дарослымі нам ні здаваліся нашы дзеці, яны застаюцца дзецьмі і не могуць у поўнай меры ацаніць рызыку і паклапаціцца пра сваю бяспеку.
Акцыя «Дзеці – не дарослыя! Не пакідайце іх адных!» нагадае пра жыццёва важныя правілы: не пакідаць малалетніх дзяцей адных нават на кароткі час, прыбіраць запалкі і запальніцы ў недаступныя месцы, блакіраваць выхад на балконы і да адчыненых вокнаў, а таксама пастаянна тлумачыць сынам і дочкам правілы бяспечных паводзін дома, на вуліцы і каля вады. Бяспека дзяцей –
гэта адказнасць дарослых.
Таццяна КАЛГУШКІНА, інспектар РАНС.

