З гандбаліста ў трэнеры. Запамінальны спартыўны шлях у нашага земляка Леаніда Вашкевіча

Запамінальны спартыўны шлях у нашага земляка Леаніда Вашкевіча. Сёння на старонках раёнкі спартыўны герой, чыё імя добра знаёма аматарам гандбола.

– Ад гэтага чалавека зыходзіць неверагодны магнетызм, энергетыка, што нават калі б нічога не ведаў пра гандбол, то абавязкова захацелася б пазнаёміцца з гэтай гульнёй, – так пачынае расказ пра знакамітага дзіцячага трэнера Леаніда Вашкевіча дырэктар Ляхавіцкай ДЮСШ Валянціна Радзівонава, якая з радасцю ўзгадвае самыя яскравыя старонкі біяграфіі спартыўнага земляка.
Леанід Вашкевіч вучыўся ў ляхавіцкай СШ № 2 і паралельна займаўся гандболам пад кіраўніцтвам першага трэнера Міхаіла Трафіменкі ў ДЮСШ. Нягледзячы на невялікі рост, але дзякуючы таленту, вытрымцы, спартыўнаму характару юнак трапіў у зборную раёна па гандболе і абараняў гонар Ляхавіччыны на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах.

І падчас вучобы на факультэце фізічнага выхавання ў Брэсцкім дзяржаўным педагагічным інсты-туце імя А. С. Пушкіна Леанід Вашкевіч не парываў са сваім любі-мым гандболам. У 1980–1984 га-
дах гуляў за зборную інстытута, удзельнічаў у першынстве СССР сярод ВНУ. За сваю спартыўную кар’еру неаднойчы прызнаваўся лепшым гандбалістам БССР. З 2006 года Леанід Вашкевіч – старшы трэнер – выкладчык АСП СДЮШАР «Вікторыя» дзяржаўнай установы фізічнай культуры і спорту «Брэсцкі абласны клуб па гульнявых відах спорту «Вікторыя» імя А. П. Мяшкова». Пра высокае спартыўнае майстэрства гаворыць і той факт, што Леанід Вашкевіч з’яўляецца трэнерам вышэйшай катэгорыі, суддзёй нацыянальнай катэгорыі па гандболе. Не дзіўна, што за нашым земляком замацавалася слава аднаго з лепшых дзіцячых трэнераў краіны. Толькі ўявіце, за чатыры дзесяцігоддзі бесперапыннай работы з юнымі гандбалістамі ён захапіў гандболам больш за паўтысячы хлопчыкаў і дзяўчынак. Сярод яго выхаванцаў дзесяць майстроў спорту міжнароднага класа, асноўныя ігракі нацыянальнай зборнай і каманды Брэсцкага гандбольнага клуба імя А. П. Мяшкова. За вялікі ўклад у падрыхтоўку спартыўнага рэзерву Леанід Вашкевіч удастоены медаля «За працоўныя заслугі». Яго колішнія выхаванцы цяпер прыводзяць да трэнера сваіх дзяцей і ўнукаў. На рахунку знакамітага трэнера разнастайныя Ганаровыя граматы, у тым ліку Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. Вельмі прыемна, што Леанід Вашкевіч трымае непарыўную сувязь як з малой радзімай, так і з нашай ДЮСШ. А яго адкрытыя вучэбна-трэніровачныя заняткі, якія праводзіў, сустрэчы са спартсменамі, гутаркі з выкладчыкамі, дапамога маладым спецыялістам – каштоўная скарбонка трэнерскіх парад.

Сёлета ў лютым Леанід Ільіч Вашкевіч адзначыў 65-гадовы юбілей. Шчыра віншуем земляка і жадаем яму працоўных поспехаў, новых чэмпіёнаў. Моцнага здароўя і невычарпальнай энергіі. Ляхавіччына ганарыцца Вамі, шаноўны Леанід Ільіч!

Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.
Фота з архіва Ляхавіцкай ДЮСШ.