Графік работы – штодзённы. Сёння работнікі бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, адзначаюць прафесійнае свята

Напярэдадні прафесійнага свята на пасяджэнні калегіі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўшаноўвалі лепшых прадстаўнікоў галіны. Сярод узнагароджаных і дырэктар КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі. Ва ўрачыстай абстаноўцы яму ўручаны нагрудны знак Міністэрства ЖКГ «Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі»

Работнікі гэтай шматпрофільнай запатрабаванай службы  забяспечваюць наяўнасць у нашых дамах цяпла, святла, вады, добраўпарадкуюць населеныя пункты, рамантуюць, будуюць, выязджаюць на ліквідацыю аварый на інжынерных сетках, замяняюць камунікацыі, наводзяць кветкавы марафет і парадак. Як не ўзгадаць і запатрабаваныя ў насельніцтва паслугі цырульнікаў, майстроў па манікюры і педыкюры, швейных спраў. Паралельна з імі аказваюцца паслугі па хімчыстцы, пракаце прадметаў хатняга ўжытку. І за гэтым пералікам стаяць работнікі бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія ў чацвёртую нядзелю сакавіка адзначаюць сваё прафесійнае свята. У цэнтры ўрачыстых падзей і работнікі падраздзяленняў КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».

Работнікі квартальнай кацельні.

Задача – быць на хаду

Галоўны памочнік работнікаў камунальнай гаспадаркі – тэхніка. Без яе немагчыма ўявіць добраўпарадкаванне вулічна-дарожнай сеткі, вываз смецця, нарыхтоўку мясцовых відаў паліва, прыбіранне снегу і іншыя работы.
Прадпрыемства пастаянна абнаўляе аўтапарк для павышэння якасці жыллёва-камунальных паслуг.
На ўчастку «Аўтатранспарт» зараз працуе 54 чалавекі – гэта адзін з самых вялікіх участкаў камунгаса. Начальнік транспартнага ўчастка Мікалай Дылеўскі ў адказе і за калектыў, і за тэхніку.
– Аўтапарк прадпрыемства зараз складаецца з 58 адзінак – трактары, аўтамабілі, пагрузчыкі, лесавозы і іншае. У мінулым годзе набылі трактар «МТЗ-82», які задзейнічаны і на грэйдзіраванні дарог, і на прыбіранні. На ачыстцы ад снегу вельмі дарэчы прыйшоўся фрэзерна-ротарны снегаачышчальнік. Аўтамабіль «ГАЗ», які таксама купілі сёлета, задзейнічаны на падвозцы людзей, – расказвае Мікалай Дылеўскі.
Якасць работы гэтага ўчастка залежыць ад многіх складнікаў: тэхнікі, умоў надвор’я, але ў першую чаргу ад прафесіяналізму работнікаў. ЖКГ – прадпрыемства са штодзённым графікам работы, працаваць даводзіцца і ў выхадныя, і калі ў іншых працоўны дзень ужо завяршыўся. Тон задаюць вопытныя прафесіяналы – экскаватаршчык Уладзімір Пішч, вадзіцель лесавоза Іван Дзядзечка, слесар Уладзімір Пішч, вадзіцель «Газелі» Эдуард Ходар, вадзіцелі смеццявозаў Аляксандр Жыхараў і Сяргей Тарлюк.

Аператар кацельні Таццяна  Станкевіч і лабарант хімічнага аналізу Таццяна Радзюк.

Кіраваць  пагодай у доме

Зіма праверыла на трываласць кацельную гаспадарку камунгаса і паставіла станоўчую адзнаку.
– Можна сказаць, што мы «кіруем пагодай у доме». Работы хапае круглы год: летам – рамонт і падрыхтоўка абсталявання жылфонду, цеплавых сетак да ацяпляльнага сезона, нарыхтоўка мясцовых відаў паліва – дроў, шчапы, брыкету, зімой – забеспячэнне бесперабойнай работы абсталявання. Калі гаварыць пра сёлетні зімовы сезон, то дзякуючы значнай папярэдняй рабоце ўсе кацельні спрацавалі добра – падача цяпла спажыўцам ажыццяўлялася адпаведна нормам, перабояў не было.
Калі ўзнікалі пэўныя праблемныя моманты, яны адразу ўхіляліся. На балансе камунгаса 26 кацельняў, з якіх 16 – на мясцовых відах паліва (квартальная сілкуецца шчапой), – расказвае першы намеснік дырэктара КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Ігар Шырэй.
За цяпло ў дамах і кватэрах гараджан, на вытворчых і сацыяльных аб’ектах у адказе работнікі квартальнай кацельні – па чатыры аператары і электраманцёры, а таксама аварыйна-аднаўленчая брыгада, у складзе якой пяць слесараў па рамонце і два газаэлектразваршчыкі. Ёсць  у кацельнай гаспадарцы і свае перадавікі: газаэлектразваршчык Міхаіл Вайцешык, электраманцёр Мікалай Бортнік, слесар па рамонце абсталявання Аляксандр Ходар.

Рухаючая сіла сталяркі

Гарадская цяпліца – адзін з аб’ектаў, дзе цяпер працуюць на рамонце сталяры падраздзялення «Жылфонд» Юрый Семчанка і Сцяпан Азарка, рамшчык Дзмітрый Маслоўскі. А разам з мулярам Дзмітрыем Буйкевічам яны задзейнічаны на рамонце арэнднага жылля
дома № 12 па вуліцы Южакова. Гэта чацвёрка работнікаў камунгаса, а таксама страхары Алег Малевіч, Павел Касьмін, Ігар Кумейша – асноўная сіла падчас капітальных рамонтаў, у тым ліку ў жыллёвым сектары.
– Рамонт фасадаў, дахаў, разнастайныя работы па бетанаванні, увогуле ўсё, што тычыцца рамонту і рэканструкцыі, – справа рук работнікаў «Жылфонду». І са сваімі абавязкамі яны спраўляюцца належным чынам. Адны з самых значных аб’ектаў мінулага года – будаўніцтва памятнага знака спаленым вёскам у Марынове, Курган вечнай Славы, спартыўная зала СШ № 2, – расказвае майстар участка «Жылфонд» Дзяніс Леснік.
– Калектыў у нас зладжаны. Улічваючы тонкасці работы з людзьмі, не кожны можа вытрымаць такі рытм і тэмп. Тут асноўнае – стрыманасць і цярпенне, уменне выслухаць і жаданне дапамагчы. Ваша работа, шаноўныя калегі, – штодзённы ўклад у стварэнне камфортных умоў жыцця для землякоў. Вы працуеце ў сферы, якая тычыцца непасрэдна камфорту нашых грамадзян. Жадаю ўсім здароўя, міру, шчасця і дабрабыту! Няхай ваша праца заўжды цэніцца, а ў жыцці будзе як мага больш радасных момантаў і нагод для гонару за сваю працу, – адзначае дырэктар КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Дзяніс Леснік і Юрый Семчанка.
Работнікі ўчастка «Аўтатранспарт»