Разумная тэхніка і людзі з характарам. Першымі ў раёне ў мінулую суботу да сяўбы цукровых буракоў прыступілі ў ЗАТ «Фораланд» Ляхавіцкага раёна

Пасяўная кампанія на Ляхавіччыне набірае абароты. За травамі
і каласавымі ў справу ўступілі салодкія караняплоды. Першымі
ў раёне ў мінулую суботу да іх сяўбы прыступілі ў ЗАТ «Фораланд»

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

І тэмп узялі добры: у дзень сеюць цукровыя буракі на плошчы
не менш за 50 гектараў. Пад салодкі караняплод у «Фораландзе» адвялі 630 гектараў, і гэта напалову больш за леташні ўчастак у 420 гектараў. У мінулым сезоне тут атрымалі рэкордныя 812 цэнтнераў на круг. Сёлета разлічваюць паўтарыць гэтыя лічбы. Але поспех не прыходзіць сам па сабе. Цукровыя буракі – культура з характарам, любіць клопат і ўвагу. Высокая ўраджайнасць – вынік прымянення сучасных тэхналогій, строгага выканання аграрных рэгламентаў, дакладнага разліку і, самае галоўнае, самаадданай працы людзей, якія сваімі рукамі ствараюць будучы ўраджай.

– Сёння ў полі на цукровых бураках задзейнічана каманда
высокапрафесійных спецыялістаў. Тэхніка ў нас сучасная,
абсталяваная камп’ютарамі. Задаюцца патрэбныя параметры, а механізатар уносіць іх у камп’ютар: на якой адлегласці сеяць, якую каляіну рабіць, і ўсю дарогу кантралюе працэс, адлюстраваны на экране. Калі насенне па нейкай прычыне не трапіла ў глебу, датчык адразу сігналізуе – таму прапушчаныя рады цалкам выключаны. Дакладнасць дазваляе эканоміць насенне, аптымальна выкарыстоўваць плошчы і ствараць належныя ўмовы для росту раслін. Кожны год закладваем вялікую лінейку гібрыдаў і пасля параўноўваем ураджайнасць. Шляхам вопыту і спроб шукаем у нашых умовах і на нашых палях гібрыды, якія даюць максімальны ўраджай. Па такой схеме працуем не толькі з цукровымі буракамі, –
падкрэслівае дырэктар ЗАТ «Фораланд» Андрэй Панчкоўскі. Аграном па адукацыі, ён добра ведае: каб атрымаць высокі ўраджай, недастаткова проста «кінуць насенне ў зямлю». Патрэбна сістэма і дакладнасць на кожным этапе. Панчкоўскі – кіраўнік дасведчаны і адданы сэрцам справе. Спецыяльным прыстасаваннем вымярае, ці вытрымліваюцца патрэбная адлегласць паміж насеннем і аптымальная глыбіня пасадкі. Менавіта такі падыход – праз любоў да зямлі, увагу да дробязяў і адданасць справе – дазваляе «Фораланду» год за годам трымаць высокую планку ў буракаводстве. Тут ведаюць, што кожны дзень вясны на вагу золата, і ўмеюць ім распарадзіцца.
У «Фораландзе» працуюць камандай. У кожнага свая задача, а ўсе разам – адзіны механізм: механізатар на разумнай тэхніцы
рыхтуе глебу да сяўбы, другі адпраўляе насенне ў глебу, іншыя
клапоцяцца пра чысціню поля, прыбіраючы камяні, якія могуць пашкодзіць тэхніку або паўплываць на якасць сяўбы. Такі падыход дазваляе не губляць тэмп і выконваць работы на высокім узроўні.
Андрэй Панчкоўскі дзеліцца, што некалі прынята было, каб цукровыя буракі сеяў лепшы механізатар. Сёння акрамя вопыту патрабуецца і сяброўства з інфармацыйнымі тэхналогіямі.
За рулём сеялкі Аляксандр Кунік. У гаспадарцы ён два з паловай гады. Прыйшоў сюды пасля заканчэння Навамышскага ліцэя, адслужыў у арміі і вярнуўся, каб зноў працаваць на зямлі і кіраваць разумнай тэхнікай. Аляксандр – універсальны работнік: і сее, і ўбірае ўраджай. Работа падабаецца і прыносіць задавальненне. Глебу пад насенне на сучасным культыватары рыхтуе Дзмітрый Петруцый, які ў «Фораландзе» шэсць гадоў. З тэхнікай ён на «ты» і падкрэслівае: працаваць на такім агрэгаце – гонар, але і вялікая адказнасць. Кожны праход па полі патрабуе максімальнай канцэнтрацыі і дакладнага выканання тэхналагічных патрабаванняў, бо ад якасці падрыхтоўкі глебы напрамую залежыць будучы ўраджай. Устаноўленыя навіга-
цыйныя спадарожнікавыя сістэмы дазваляюць камбайнам і
трактарам убіраць ці араць па адной лініі, без падрульвання.

Паводле інфармацыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, у раёне плануецца засеяць цукровымі буракамі 
1 800 гектараў. Самыя вялікія плошчы – 750 гектараў – у ААТ «Жарабковічы», у ААТ «Шлях новы» – 210 гектараў, столькі ж
і ў фермерскай гаспадаркі «АграВыгада Плюс».

Сяўба працягваецца. Поле дыхае вясной. І кожны метр роўнай, як струна, баразны – аснова будучага ўраджаю.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара.