Пасяўны «рубеж» ільнозавода. Ільнопасяўны сезон на Ляхавіччыне адкрыты!
У бягучым годзе клін даўгунцу ў раёне некалькі павялічыўся. За кошт ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» прыбаўка склала паўсотні пасяўных гектараў: замест леташніх 2 200 завадчане плануюць выйсці на 2 250 уласных ільногектараў. Другі наш вытворца гэтай сельгаскультуры – міжраённая льнонасенстанцыя – застаецца ў сваіх межах сваіх жа інтарэсаў – 400 гектараў, як і летась.

І ў першых, і ў другіх раённых ільновытворцаў пасяўная кампанія пачалася на мінулым тыдні. Сяўбе папярэднічаў этап падрыхтоўкі глебы, да якой, па словах вядучага агранома ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» Мікалая Герасімовіча, у выпадку работы з дробнанасенным матэрыялам прад’яўляюцца свае патрабаванні. Напрыклад, вітаецца максімальная роўнасць паверхні палёў.
– Гэта не толькі пасяўная якасць і патэнцыяльная ўраджайная прыбаўка, але і істотны плюс у ходзе вядзення будучых ільноўборачных работ, – сцвярджае Мікалай Герасімовіч.
Па стане на раніцу панядзелка, заводскія паляводы паспелі з сеялкамі прайсціся па трох сотнях гектарах палёў. На досыць істотную лічбу зробленага з пачатку пасяўной сітуацыі атрымалася выйсці дзякуючы ў тым ліку сёлетнім заводскім навацыям, сярод якіх істотнае перадстартавае абнаўленне парка сельскагаспадарчай тэхнікі. У студзені на прадпрыемства прыйшлі два новыя магутныя трактары
«Беларус-3522», спецыяльна пад іх былі набыты пасяўныя агрэгаты вытворчасці аднаго з віцебскіх прадпрыемстваў. Пасля палявых пусканаладачных работ гэтыя агрэгаты і цягнуць зараз асноўны льнопасяўны «воз» адкрытага акцыянернага таварыства. Новая тэхніка даверана вопытным, адказным і ўніверсальным механізатарам Віктару Верамею і Аляксею Новіку (на здымку). На льнозаводзе і за штурвалам рознай камбайна-трактарнай тэхнікі кожны з іх не менш як па дзясятку гадоў.
– Калі не ў полі і не ў чарговым штогадовым адпачынку, то рыхтуем тэхніку да выхаду ў поле. Зараз сяўба, пазней церабленне-абарочванне-прасаванне льну, і на фінішы палявога сезона ўборка льнотрасты не даюць надта лічыцца з працоўным часам. Пасяўная тэхніка з’яўляецца новай не толькі для нас, галоўнае, каб не падвяла, –
дапаўняючы адзін аднаго, гавораць Віктар і Аляксей.
На бакавым шкле «Беларуса», якім кіруе Віктар, заўважаю вымпел
паветрана-дэсантных войскаў, да службы ў якіх ён пачынаў і працягвае служыць Ляхавіцкаму льнозаводу.
– Гэтымі днямі працуем з сортам «рубеж». Лён айчыннай селекцыі, добра паказаў сябе ў нашых палявых умовах, што і пацвердзіў у ходзе леташняга дастаткова няпростага раслінаводчага сезона. «Рубеж», а таксама пасяўны прадукт замежных селекцыянераў пад назвай «эдэн» і складуць аснову нашых ільнаплошчаў у бягучым годзе. Але
не толькі, як і ў ранейшыя часы, завод не адмаўляецца ад вырошчвання асобных свежых для сябе сартоў ільну.
На спробу, паглядзець, як праявіць сябе на канкрэтна ляхавіцкім палетку ці, напрыклад, у мэтах паляпшэння рэпрадукцыйных характарыстык ільнопасяўнога матэрыялу. Ад гэтага ў многім залежыць ураджай, лічбавая характарыстыка сабранай намі льнотрасты, ды і, у канчатковым рахунку, фінансава-эканамічнае становішча нашага прадпрыемства, – падсумоўвае размову на ўскрайку яравога поля Мікалай Герасімовіч.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

