Учора прыбралі, заўтра… насмецілі

Чарговы красавіцкі рэйд паказаў, хто які гаспадар

Падчас нядаўняга месячніка добраўпарадкавання землякі зрабілі нямала, каб наш райцэнтр стаў яшчэ больш чыстым, утульным і прыгожым. Стараліся многія – працоўныя калектывы, органы ўлады, навучэнцы і нават дашкаляты. Шчыравалі паўсюдна: на грамадскіх тэрыторыях, у парках і скверах, на тэрыторыях прадпрыемстваў і арганізацый, каля воінскіх пахаванняў, у лесапасадках. Справа знайшлася ўсім і кожнаму, было б толькі жаданне. І, здавалася, вось ён – суцэльны парадак. На жаль, як аказалася, не паўсюдна! Пра гэта, у тым ліку, ішла размова на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама. Кіраўнік раёна ініцыяваў чарговую «інспекцыю» чысціні. У рэйд з начальнікам аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Марынай Завадскай адправіўся і «ЛВ».

– Ні адзін сантыметр сквера каля фантана не застаўся некранутым, паўсюдна выграбалі, вымяталі смецце падчас рэспуб-ліканскага суботніка. Працавалі з натхненнем. І як жа было непрыемна праз некалькі дзён зноў убачыць смецце ў гэтым месцы, – гаворыць Марына Завадская.
На жаль, такі адмоўны прыклад не застаўся адзінкавым. Неаднойчы раёнка расказвала пра тое, як на вуліцы Вакзальнай калісьці была багатая інфра-структура: і магазіны, і сталоўка, і цырульня, і аддзяленне ашчаднага банка, і інтэрнат, і Дом культуры. Цяпер засталіся толькі ўспаміны і паўразбураныя будынкі. Так, трэба аддаць належнае, перыядычна тут прыбіраюцца, але ключавым будзе слова «перыядычна». Марына Завадская адзначае, што яшчэ месяц назад тут было параўнальна чыста, цяпер карціна зусім іншая.
Любы з фотаздымкаў без слоў красамоўна раскажа пра ўбачанае. Вось зваленыя ў вялізную кучу галіны дрэў, недалёка россып другаснай сыравіны – бутэлькі шкляныя і пластыкавыя, папера. Крыху наводдаль кімсьці выкінутыя прадметы хатняй мэблі. Вось-вось абарвецца і ўпадзе вялікая металічная дошка, а праз метр-другі развальваецца цагляная сцяна. Гэта размова пра бяспеку, дакладней, небяспеку. Ды і СУП «Белазем’е» трэба прыбраць раскіданыя за агароджай старыя галіны спілаваных дрэў.
Неаднойчы падчас рэйдаў па добраўпарадкаванні даводзіцца сустракаць супрацьлеглыя падыходы да чысціні і парадку. Такія два полюсы давялося ўбачыць на вуліцы Арлоўскага. Толькі станоўчыя ўражанні ад стану тэрыторыі адміністрацыйных будынкаў Ляхавіцкага лясгаса: акуратна, утульна, шмат кустоў, дрэў, усё дагледжана. І літаральна тут жа, за агароджай аўтобусны прыпынак «РАПТ». Смецце не толькі ў самім павільёне, але і па яго перыметры. А за павільёнам, відавочна, смецце збіралася не тыдзень і не два.
Марына Завадская акцэнтавала ўвагу на тым, што зноў пачалі стварацца несанкцыянаваныя сметнікі ў гаражных кааператывах і масівах па Арлоўскага.
Паміж пліткай расце пустазелле, вакол смецце, раскіданы вянкі. Так незадоўга да 77-й гадавіны Вялікай Перамогі выглядае тэрыторыя брацкай магілы, дзе пахаваны забітыя гітлераўцамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны яўрэі… А, між тым, намаганняў патрабуецца не так і многа.
Пасля красавіцкага рэйду адна з заўваг наконт добра-ўпарадкавання падведамасных тэрыторый была адрасавана ДЭУ-24. Тычылася яна сметніка пры ўездзе ў райцэнтр недалёка ад гімназіі. Кіраўніцтва дарожнай службы напісала адказ, што тэрыторыя прыбрана. Праўда, як аказалася, толькі там, дзе гэта месца відаць з боку дарогі…
І яшчэ. Каля адміністрацыйнага будынка ДЭУ-24 па вуліцы 60 гадоў Кастрычніка былі спі-лаваны дрэвы, засталіся пні. Яны развальваюцца і надзвычай псуюць наваколле – час прыбраць.
Не хапае слоў, толькі адмоўныя эмоцыі пасля ўбачанага малюнка. Дамы № 21а і 21б па вуліцы Чкалава, лічы, навасельцы і ўладальнікі шыкоўных аўта-стаянак. Не пасуюць такой уладкаванасці і камфорту агароджаныя кантэйнерныя пляцоўкі, дзе павінны быць устаноўлены спецыяльныя кантэйнеры для збору смецця. Аднак, кантэйнераў там няма да гэтага часу. Смецце раскідана па ўсёй тэрыторыі пляцовак – атрымаўся сметнік пад дахам. Каго вінаваціць у такой сітуацыі? Камунгас, які не ўстанавіў скрыні? Ці грамадзян, якія раскідваюць смецце?
– Так, недапрацоўкі засталіся, і іх трэба ліквідаваць. Але ўсё ж большасць калектываў дастойна папрацавала. Асабліва хочацца адзначыць установы адукацыі, культуры, райбальніцу, лясгас, РАНС, ТЦСАН, ДРБУ-200, РЭС, якія плённа шчыравалі не толькі на ўласных тэрыторыях, але і добраўпарадкавалі іншыя месцы, – адзначае Марына Завадская.
Дарэчы, варта яшчэ раз нагадаць: з завяршэннем месячніка добраўпарадкавання навядзенне чысціні не спыняецца.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.